Палітолаг: Цяпер спецслужбы мабілізуюць практычна ўсе свае рэсурсы

Людзі, якія прайшлі праз засценкі беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, вяртаюцца на пратэсты з яшчэ большай матывацыяй. Так лічыць член Каардынацыйнай рады, старэйшы аналітык дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, з якім Thinktanks.by пагутарыў па выніках Марша справядлівасці, які прайшоў 20 верасня.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Можна казаць пра тое, што ў прынцыпе пратэсты не заціхаюць, дынаміка пратэстаў працягваецца. Праўда, не вельмі зразумела, колькі людзей прымала ўдзел ва ўчорашняй акцыі пратэсту ў Мінску: сілавым структурам удалося разбіць удзельнікаў акцыі па групах, калонах, — адбываўся масавы хаатычны рух па ўсім горадзе. Паколькі канцэнтрацыі людзей у адным месцы не было, вельмі складана ацаніць агульную колькасць удзельнікаў акцыі.

З іншага боку, гэта сведчыць, што сілавікі аналізуюць сітуацыю і мяняюць метады процідзеяння: калі раней ім не ўдавалася прадухіліць канцэнтрацыю людзей, то ўчора гэта ў іх атрымалася. Гэтую акалічнасць варта ўлічваць і таксама мяняць тактыку вулічнай барацьбы: памылкі, якія дапускаюць пратэстоўцы, цяпер даволі відавочныя.

— Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўчора ўпершыню, бадай, пасля 9 жніўня сілавікі спрабавалі адначасова брутальна задушыць пратэсты не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Гомелі, Гродне. Чаму?

— Практычна ўжо два тыдні сілавікі дзейнічаюць досыць жорстка падчас масавых затрыманняў; у Мінску гэта выявілася крыху раней, але і ў рэгіёнах адбываецца блакаванне людзей, масавыя затрыманні.

Улады сілавым метадам хочуць пагасіць пратэсты. Але цяпер жорсткасць і брутальнасць дзеянняў не дае чаканага эфекту, таму што людзі пакуль гатовыя несці выдаткі, звязаныя з затрыманнем, з магчымым арыштам, магчымымі сутычкамі з міліцыяй, — яны разумеюць рызыку і свядома ідуць на яе.

— У інтэрнэт выкінулі карту месцаў Мінска, дзе сілавікі зладзілі засады на пратэстоўцаў — увесь горад аказаўся ў кардонах сілавікоў. У абласных цэнтрах, мяркуючы па відэа, таксама мора сілавікоў. Якія сілы кінутыя на падаўленне мірных пратэстаў? Гэта супрацоўнікі МУС альбо пуцінская дапамога прыбыла?

— Не, я не думаю, што на баку беларускіх сілавікоў дзейнічаюць легіянеры. Гэта значыць, што цяпер спецслужбы мабілізуюць практычна ўсе свае рэсурсы. Трэба ўлічваць прапускную здольнасць рэпрэсіўнага канвеера, абмежаванні на колькасць затрыманых, — затрымліваючы тысячу чалавек адначасова, палову з іх даводзіцца адпускаць, таму што далей з імі нічога не могуць зрабіць. Гэтую акалічнасць таксама трэба ўлічваць пры карэкціроўцы тактыкі вулічных пратэстаў. Груба кажучы, калі да пачатку акцыі аўтазакі ўжо забітыя затрыманымі, то падчас самой акцыі сілавікі не змогуць нікога затрымаць.

— Калі меркаваць па ўчорашнім дні, які бок дэманструе большую мяжу цярпення?

— Цяжка судзіць. З аднаго боку, пастаянны ўдзел у пратэстах павышае матывацыю для ўдзелу ў мірным пратэсце. Але, безумоўна, існуе фізічная і псіхалагічная стомленасць ад пастаяннага знаходжання ў арэлях «натхненне-дэпрэсія», якія кожны з нас перажывае ўжо 47 дзён.

З іншага боку, пратэсты вымотваюць сілавікоў, якія знаходзяцца ў пастаянным рэжыме звышмабілізацыі. Мабілізаваны практычна ўвесь склад органаў унутраных спраў, які кідаецца толькі на падаўленне вулічнага пратэсту, і нават ДАІ выкарыстоўваюць як сродак затрымання або падаўлення. Унутры сілавой сістэмы існуе напружанне, якое толькі расце. Прагназаваць, у каго раней здадуць нервы і ўсё скончыцца сілай, немагчыма. Відавочна, што ў сілавікоў ёсць парог вытрымкі, пасля якога яны могуць зламацца.

— Жорсткасць сілавікоў, якая вярнулася на вуліцы беларускіх гарадоў, таксама тлумачыцца іх стомленасцю?

— Зразумела, што сіла ўжываецца з мэтай спыніць пратэсты. З іншага боку, прымяненне сілы падвышае цану ўдзелу ў масавых акцыях: людзі бачаць, як удзельнікі дэманстрацый падпадаюць пад дубінкі і сілавое ўздзеянне, разумеюць цану і могуць адмовіцца ад удзелу ў шэсці. Але ў параўнанні з першым днём пратэстаў гвалт не такі брутальны.

— Вы нядаўна былі асуджаныя на 10 сутак і большую частку гэтага тэрміну правялі ў СІЗА Жодзіна. Людзі, якія прайшлі праз засценкі, вяртаюцца ў пратэсты або адмаўляюцца выходзіць на вуліцу?

— Яны вяртаюцца, прычым у людзей, якія трапляюць на суткі, даволі высокая матывацыя да вяртання. Яны разумеюць непазбежную рызыку і гатовыя рызыкаваць.

— У якіх умовах сёння ўтрымліваюцца арыштаваныя?

— У стандартных дэгуманізуючых умовах абыходжання — ніякай павагі да чалавечай годнасці. Але гэта толькі агульная характарыстыка таго, як беларуская пенітэнцыярная сістэма абыходзіцца з людзьмі. Нічога добрага там няма, акрамя людзей, якія сядзяць разам з табой. Гэта людзі з розных сацыяльных груп, якія падзяляюць твае ўстаноўкі і перакананні. І па гэтых людзях відаць, што ўсё беларускае грамадства цяпер аб'яднанае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: