Палітолаг: Мірныя грамадзяне могуць перастаць быць мірнымі, і тады Лукашэнку не ўратуе нават Пуцін

Мірны пратэст для ўлады ўжо стаў формай палітычнага тэрору. Гэта не дзіўна, бо нават мірны пратэст — гэта прамая і сур’ёзная пагроза для гэтага рэжыму, піша палітолаг Павел Усаў.


Грамадства, безумоўна, тэрарызуе — палохае (у пазітыўным сэнсе гэтага слова) уладу. Бо такі ці інакш, пасля падзення сістэмы кожны яе службовец будзе вымушаны адказваць за свае злачынствы. Таму для тых, хто абараняе дыктатуру, маленькія дзеці са сцягамі і старыя, студэнты і рабочыя — тэрарысты. У выніку мы маем ад 200 да 300 тысяч відавочных «тэрарыстаў». І адкуль яны толькі ўзяліся?

Цікавая і эвалюцыя ўладнага дыскурсу ў дачыненні да пратэстоўцаў. Першапачаткова гэта былі крымінальнікі, наркаманы, прастытуткі, беспрацоўныя. Потым рэзка грамадзяне сталі экстрэмістамі і тэрарыстамі. Гэта значыць, спачатку ўлады спрабавалі дыскрэдытаваць пратэст, а цяпер неўсвядомлена яго палітызуюць і радыкалізуюць. Бо «тэрарысты» — гэта не выпадковыя людзі нізкага статусу, без разумення сутнасці таго, што адбываецца. «Тэрарысты» — гэта людзі, якімі рухаюць ідэі, якія маю праграму дзеянняў і якія не спыняцца, пакуль не дасягнуць сваёй мэты, знішчэння аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Радыкалізацыя ўладнай рыторыкі, «тэрор, экстрэмізм» кажа таксама аб вычарпанні фармальна-прававога рэсурсу дзяржавы ў барацьбе з пратэстам. Далей могуць быць толькі засланыя атрады амерыканскіх камандас і NATO, альбо атака іншапланецян.

Прапаганда і маніпуляцыя не працуе, хіба толькі служыць псіхалагічным апраўданнем для рэальнага тэрору з боку рэпрэсіўных структур. Разам з тым такая рыторыка — гэта азнака поўнага бяссілля людзей рэжыму. Экстрэмальная рыторыка суадносіцца з ранейшымі заявамі пра гатоўнасць прымяняць баявую зброю супраць грамадзян. Няма ў гэтым нічога дзіўнага, бо прасцей і лягчэй зрабіць з грамадзян краіны тэрарыстаў, чым пайсці на саступкі і дыялог.

Таксама, гэта сведчыць, што Лукашэнка і яго асяроддзе так і не зразумелі прычын, сутнасці і ўсёй глыбіні таго, што адбываецца. Лагічным завяршэннем створанай для сябе карціны палітычнай сітуацыі ў краіне будзе ўвядзенне надзвычайнага (ваеннага) становішча ў краіне, альбо лакальна ў горадзе Мінску. Што фактычна будзе азначаць крах сістэмы.

Аднак, робячы з мірных пратэстоўцаў «тэрарыстаў», улады фармуюць палітыка-псіхалагічныя ўмовы для рэальнага грамадзянскага тэрору ў адносінах да аўтарытарнай дзяржавы Лукашэнкі і яго элементаў. У любы момант мірныя грамадзяне могуць перастаць быць мірнымі (і гэты працэс ужо мае месца). І ў гэтым выпадку Лукашэнку не ўратуе нават Пуцін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: