Палітвязень Дзяніс Івашын: «Я спадзяваўся, бабуля мяне дачакаецца»

Жонцы журналіста Дзяніса Івашына Вользе прыйшоў ліст ад мужа ад 1 чэрвеня, «прасякнуты жалобай і смуткам», паведамляе «Свабода».
Дзяніс Івашын з бабуляй Раісай Барысаўнай

Дзяніс Івашын з бабуляй Раісай Барысаўнай

Амаль увесь ліст прысвечаны бабулі Дзяніса Раісе Барысаўне, якая памерла ў канцы траўня. Дзяніса на пахаванне не пусцілі. Ён расказаў у лісце, што бабуля заўжды была ягоным безумоўным аўтарытэтам, заўсёды станавілася на ягоны бок, натхняла і матывавала яго.

«Ніколі не забудуся на ейныя блаславёныя словы падтрымкі ў студзені 2014 году, у тыя сцюдзёныя, набрынялыя куродымам і чыстым адрэналінам дні. Словы, якія ахіналі мяне ў надзейную й нязломную браню», — напісаў Дзяніс пра бабулю.

Ён адзначыў, што, калі Раіса Барысаўна занядужала, ягоным «пакліканнем і місіяй стаўся клопат пра яе».

«Словы пра тое, што бабуля пайшла з жыцця, для мяне сталіся сапраўдным шокам. Я спадзяваўся на тое, што яна мяне яшчэ дачакаецца з маёй „камандзіроўкі“», — напісаў Івашын.

Ён выказаў жаль, што яму не далі магчымасці развітацца з родным чалавекам.

«Вельмі балюча, што ў гэты жалобны дзень не далі пабыць хаця б непрацяглы час са сваёю сям’ёю, падтрымаць вас. Праз усё гэта мяне агарнула неймаверная туга, смутак і жалоба... Нічога, усё вытрымаем, хаця рубцы і застануцца», — дадаў палітвязень.

Ён адзначыў, што фізічна адчувае сябе добра. Працягвае шмат чытаць: Віктара Шэндэровіча, «Крыжакаў» Генрыка Сянкевіча, «нашу гісторыю, якую аздобілі легендарныя постаці Вітаўта і Ягайлы».

Дзяніса Івашына затрымалі сёлета 12 сакавіка. Яго вінавацяць ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянтаў». Сваякі і калегі мяркуюць, што ягоная справа звязаная з апошнім расследаваннем журналіста пра былых украінскіх беркутаўцаў, якія ўладкоўваюцца на працу ў органах унутраных спраў Беларусі. Пакуль ён знаходзіўся за кратамі, памерла ягоная бабуля.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: