Палітвязень Іван Комар распачынае галадоўку

Анархіст Іван Комар паведаміў, што з 16 чэрвеня абвяшчае галадоўку. Гэтым актам ён "жадае выказацца ў падтрымку Мікіты Емяльянава, а таксама ўсіх без выключэння палітвязняў Беларусі, у тым ліку і тых, каго вераломна прысудзілі да адміністрацыйных арыштаў і ў гэты самы момант падвяргаюць катаванням".


Пра цвёрды намер абвясціць галадоўку Іван Комар паведаміў сваёй сяброўцы, піша суполка dissidentby.

29 траўня Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення. 9 чэрвеня ён этапаваны ў турму №4 г. Магілёва.

Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы.

Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.

27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі вязнямі.

Падтрымаць вязняў можна лістамі і паштоўкамі:

Іван Комар: вул. 1-я Заводская, д.8, ПК-17, 213004 г. Шклоў, Беларусь.

Мікіта Емяльянаў: турма №4, вул. Крупскай, 99а,
 212011 г. Магілёў, Беларусь.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: