Палітвязень Міхаіл Жамчужны: Крывавяць дзясны, выпадаюць здаровыя зубы


Пасля таго як палітвязень Міхаіл Жамчужны 70 сутак правёў у ШІЗА, адміністрацыя папраўчай калоніі №9, дзе ён адбывае пакаранне, перавяла яго на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
«Я часу ў ШІЗА дарма не губляў, бо ня трэба было змагацца з холадам. Завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых мэтадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. Гэта новыя і прарыўныя дасягненні высокага ўзроўню», — паведамляе ў лісце віцебскім праваабаронцам Жамчужны.

Як паведамляе «Віцебская Вясна», за час знаходжання ў ізалятары Жамчужны страціў усякую сувязь са знешнім светам.

«Знаходзячыся ў ізаляцыі больш за два месяцы, я не атрымаў ніводнага ліста ці газеты, перажыў поўны інфармацыйны вакуум», — піша пра свае нягоды палітвязень.

Цяпер спадзяецца, што за месяц у ПКТ папоўніць страчанае і вернецца ў інфармацыйнае поле.

У сваім лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе таксама пра праблемы са здароўем.

За два апошнія гады ён падаў 9 заяў на набыццё вітамінаў. Ніводная з іх не была разгледжаная ні начальнікам медчасткі, ні тэрапеўтам, ні начальнікамі атраду і калоніі. Скаргі, накіраваныя ва ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскай вобласці, у абласныя і рэспубліканскія органы выканання пакарання, таксама вынікаў ня далі.

З-за недахопу вітамінаў у палітвязня пачалі крывавіць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць цалкам здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сымптаматычна – антыбіётыкамі і болесуцішальнымі сродкамі.

Падобныя ўмовы ўтрымання палітвязня Жамчужнага не адпавядаюць “Мінімальным стандартным правілам абыходжання са зняволенымі”, прынятымі ААН, лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

«Так, у ч.3 п.22 Правілаў гаворыцца пра тое, што кожны зняволены павінен мець магчымасць звяртацца да паслуг кваліфікаванага дантыста, – каментуе сітуацыю праваабаронца. – Яшчэ адна праблема – недастатковая колькасць кальцыю ў арганізме. Гэта можа справакаваць хваробы касцей і лімфаў».

Нягледзячы на ўсё, палітвязень стараецца ня ўпасці духам, выжыць у такіх экстрэмальных умовах.

«Увогуле, настрой баявы, жыццярадасны», – запэўнівае палітвязень.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!