Палітвязень Жамчужны правёў 500 сутак у ШІЗА цягам двух гадоў

Палітвязень Міхаіл Жамчужны правядзе, відаць, бліжэйшыя 2–3 месяцы ў штрафным ізалятары (ШІЗА).


Пра гэта “Віцебскай вясне” паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, які атрымаў нядаўна ліст ад палітвязня.

“29 жніўня ў палітвязня Жамчужнага скончыўся тэрмін знаходжання ў памяшканні крытага тыпу (ПКТ), і, хутчэй за ўсё, ён правядзе бліжэйшыя 2–3 месяцы ў штрафным ізалятары”, — паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, спасылаючыся на чарговы ліст, які атрымаў ад палітвязня.

У ліcце Жамчужны расказвае некаторыя падрабязнасці аб адбыванні пакарання ў папраўчай калоніі (ПК) №9.

“19 жніўня я адзначыў 10-гадовы “юбілей” знаходжання за калючым дротам. Падвёў вынікі і імі задаволены. Таксама падлічыў, што за два апошнія гады сваёй адсідкі правёў 500 дзён у штрафным ізалятары і ўчыніў 65 парушэнняў рэжыму!” — падзяліўся сваімі “поспехамі” Міхаіл Жамчужны.

У лісце ён не выказвае ніякіх шкадаванняў аб тым, што здарылася, але прызнае, што мусіў быў заняцца праваабарончай і палітычнай дзейнасцю раней.

Жамчужнага абследавалі ў медчастцы

Палітвязень выказаў таксама ўдзячнасць незалежным СМІ за падтрымку і за асвятленне ягонага знаходжання ў калоніі. Піша, што дзякуючы публікацыям пра праблемы з ягоным здароўем, яго абследавалі ў медчастцы, таксама прыязджаў з інспекцыяй пракурор Магілёўскай вобласці — для праверкі ўмоваў утрымання палітзняволенага.

“Усё, што было напісана ў СМІ, мела пацверджанне. Я пісаў тлумачэнні па кожным факце парушэнняў і чакаю адказу”, — рэзюмуе Жамчужны.

Дзякуе таксама ў лісце віцебскай адвакатцы, якая наведала палітвязня 20 жніўня. Яна “…прывезла патрэбныя дакументы, і мы накіравалі заявы па крымінальных справах у Генеральную пракуратуру і ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы”, — паведамляе Жамчужны.

Апроч таго, палітвязень апратэставаў у аддзел уласнай бяспекі МУС і суды вынесеныя адміністрацыяй калоніі шэраг спагнанняў. Таксама апратэставаў ва УДВП па Магілёўскай вобласці факты знішчэння яго пяці лістоў, якія не прайшлі цэнзуру, а таксама аднаго ліста, адрасаванага яму Беларуска-амерыканскай асацыяцыяй, які быў знішчаны за, нібыта, утрыманне ў ім “цынічных выказванняў”.

Жамчужны піша, што за час знаходжання ў ПКТ паспеў прачытаць некалькі класічных кніжак. Гэта “Патоп” Генрыха Сянкевіча, “Пётар І” Аляксея Талстога, некалькі кніг пра ўмовы жыцця і спосабах выжывання ў ГУЛАГу.

Свецік: Трэба, каб ДВП даў дазвол на спатканне з палітвязнем

Хутчэй за ўсё, палітвязень не можа данесці да беларускай грамадскасці ўсе факты бесчалавечнага абыходжання з ім. Такую выснову можна зрабіць з неаднаразовых паведамленняў пра тое, што цэнзура знішчае значную колькасць ягоных пасланняў з калоніі.

Каб развеяць усе падазрэнні пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя Міхаіла Жамчужнага, было б разумным з боку ДВП МУС даць дазвол на кароткую сустрэчу палітвязня з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці і (альбо) журналістамі незалежных СМІ”, — бачыць адзіна правільны выхад з сітуацыі, якая склалася вакол палітвязня, праваабаронца Леанід Свецік.

spring96.org, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!