Палітвязень Зміцер Фурманаў застанецца ў карцары яшчэ на тыдзень

Зняволены прабыў у карцары ўжо 26 дзён, а новы тэрмін яму маюць прызначыць заўтра, піша «Белсат».
Сёння, 31 траўня, у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна працягваецца разгляд «справы Ціханоўскага», адзін з фігурантаў якой — Зміцер Фурманаў. Ён разам з Уладзімірам Кнігам і Яўгенам Разнічэнкам павінен быў сёння сказаць апошняе слова.

Падчас пасяджэння стала вядома, што Зміцер нібыта зноў парушыў правілы ўтрымання і за гэта яму працягнулі перабыванне ў карцары да 8 чэрвеня.

Бацькі Змітра Фурманава, якія былі пазбаўленыя спаткання з ім, вельмі занепакоеныя такім жорсткім стаўленнем да сына і баяцца за яго жыццё.

«Заўтра скончацца сем сутак папярэдняга пакарання. І ўжо напісалі новы рапарт, нібы ён не так устаў ці не так павітаў назіральніка, калі той увайшоў у камеру. Гэта відавочная прыдзірка», — распавёў Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня.

Паводле яго слоў, сына яшчэ мусяць выклікаць на размову і абвясціць, што на яго паступіў рапарт: «Яго пакуль не выклікалі, бо ён яшчэ сядзіць па тых сутках, што яму прызначылі раней. Але звычайна, калі ёсць рапарт, то будзе і новае пакаранне».

Зміцер Фурманаў быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі на выбарчым пікеце ў Гродне 29 траўня 2020 года падчас збору подпісаў. Змітра Фурманава, а таксама Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак 29 траўня ў Гродна (ч. 1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў (арт. 364 КК).

Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны ва ўсіх эпізодах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: