Палітвязні атрымліваюць лісты ад Васкрасенскага з заклікам прасіць аб памілаванні

Як стала вядома «Белсату», палітвязням, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу (так званая хімія), прапануюць да 31 жніўня напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Лісты з такім заклікам прыходзяць ад імя ўстановы «Круглы стол дэмакратычных сілаў» і падпісаныя Юрыем Васкрасенскім. Паводле дакументу, падрыхтаваны праект закона аб амністыі, які накіраваны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і вывучаецца профільнай камісіяй. Рыхтуецца спіс асобаў для амністыі, і палітвязням прапануецца «пасадзейнічаць» таму, каб туды трапіць.
«Мы разумеем, якія эмоцыі Вы адчуваеце. Дома Вас чакаюць родныя і блізкія. Вы можаце вярнуцца да вольнага жыцця, прыносячы карысць сваёй сям’і, што так неабходна ва ўмовах небывалага эканамічнага ціску на нашу краіну», — гаворыцца ў лісце.

Па інфармацыі выдання, разаслана 620 падобных лістоў. Тыя, хто напіша прашэнне, маюць шанец выйсці на волю да 17 верасня, абвешчанага дня адзінства. Заклікаюць пісаць прашэнне на памілаванне не толькі вязняў, але і ўсіх, хто знаходзіцца пад следствам па палітычных справах.

Палітолаг Юры Васкрасенскі называе сябе былым супрацоўнікам перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі і пазіцыянуе сябе як галоўны пасярэднік паміж уладамі і апазіцыяй. Сам Бабарыка праз сваіх адвакатаў перадаваў з СІЗА, што «спадар Васкрасенскі не быў чальцом штабу, не належаў да кола асобаў, якія прымалі рашэнні, і ніколі не атрымліваў ніякіх даручэнняў. Таму зʼяўляецца неўпаўнаважанай асобай».

Летам 2020-га Юрый Васкрасенкі каардынаваў збор подпісаў у Першамайскім раёне Мінска за прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыка. Праз некалькі дзён пасля выбараў яго затрымалі. Яшчэ праз некалькі дзён у эфіры беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў паказалі кадры допыту, на якіх Васкрасенкі нібыта ўсвядоміў, што масавыя вулічныя мерапрыемствы ператвараюцца ў бескантрольны хаос, таму напісаў у КДБ яўку з павіннай. Пасля ён стаў удзельнікам сустрэчы ў ізалятары КДБ з Аляксандрам Лукашэнкам і неўзабаве выйшаў на волю.

Пасля гэтага Васкрасенскі стварыў ініцыятыву «Круглы стол дэмакратычных сілаў», галоўная мэта якой, па яго словах, наладжванне адносін паміж апазіцыяй і ўладамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: