Палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расію

«Далі ў рукі пашпарт з забаронай прыяжджаць у Беларусь 10 гадоў». Палітвязня і былога сілавіка Андрэя Новікава вывезлі ў Расію, піша Свабода.

У Беларусі ў грамадзяніна Расіі Андрэя Новікава засталіся жонка і двое дзяцей. За кратамі ён правёў амаль 6 месяцаў.

Новікава затрымалі яшчэ 6 чэрвеня, калі ехаў на трактары ля вёскі Новыя Кавалі Пастаўскага раёну. Пасля перавялі ў Мінск, дзе змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Новікаў удзельнічаў у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай, збіраў подпісы за яе вылучэнне. Яго абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і Сяргея Ціханоўскага — ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Інфармацыя аб магчымым вызваленні і дэпартацыі Новікава, які з'яўляецца грамадзянінам Расіі, з'явілася ў канцы мінулага тыдня.

3 снежня ён сам даслаў паведамленне ў глыбоцкі тэлеграм-канал, дзе расказаў пра тое, як апынуўся на волі.

«26 лістапада быў выдвараны з Беларусі без выканання нормаў заканадаўства і права, — расказвае Андрэй Новікаў. — Без выканання працэдур. Вывезены ў тым, у чым быў летам затрыманы, са сціплым клункам рэчаў, якімі абжыўся ў СІЗА на Валадарцы. Быў вывезены трасай М1 на мяжу з Расійскай Федэрацыяй і там пакінуты. З расійскім пашпартам і штампам аб забароне на ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 10 гадоў»

Былы палітвязень кажа, што ягоная сям’я засталася ў Беларусі, яны пакуль не могуць выехаць. Малодшаму дзіцяці Андрэя паўтара года, а жонцы неабходна назірацца ў лекара.

Арышт адмянілі без ніякіх тлумачэнняў

«Мой статус незразумелы, — кажа Андрэй Новікаў. — Я не маю пацверджання таго, у якім статусе цяпер знаходжуся ў крымінальнай справе. Арышт быў адменены без ніякіх тлумачэнняў, пасля чаго мяне вывезлі невядомымі асобамі. Адабралі ўсе дакументы, якія ў мяне назбіраліся падчас следства. Усю перапіску, асабістую ў тым ліку. Паштоўкі, лісты падтрымкі. Мае асабістыя нататкі забралі. Сабралі ў пакет і забралі, невядомая асоба. Знаходжуся ў цяжкім стане. Сям’я засталася ў якасці закладнікаў».

Цяпер Новікаў знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. Ён збіраецца апублічваць сваю гісторыю, бо лічыць, што сям’я цяпер знаходзіцца ў закладніках.

«Кіраўнікі сілавых структур пераводзяць адказнасць адзін на аднаго, адвакаты запалоханыя, — гаворыць ён. — Я сам былы сілавік, выдатна разумею, у якой сітуацыі яны знаходзяцца. Тое самае адбываецца ў судах. Усе скаргі, хадайніцтвы, заявы ператвараюцца ў адпіскі, якія не маюць ніякай юрыдычнай сілы».

Андрэй Новікаў таксама падзякаваў за падтрымку, якую адчуваў, знаходзячыся ў СІЗА.

Андрэй Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы з'ехаў вучыцца ў Расію. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых аперацыях на тэрыторыі Чачні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: