Палітвязня Яўгена Дзмітрыева асудзілі на два гады калоніі

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 26 лютага вынесены прысуд 26-гадоваму палітвязню Яўгену Дзмітрыеву.
Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота «Радыё Свабода»

Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота «Радыё Свабода»

Абвінавачанне паводле арт. 364 знялі, яму прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за падзеі 4 кастрычніка, калі быў зламаны вадамёт.

Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымаў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя кіроўцы вадамёта Мікалай Глухатарэнка і Яўген Лашкоўскі.

Паводле абвінавачвання, Яўген Дзмітрыеў 4 кастрычніка быў на несанкцыянаваным мерапрыемстве, дзе стаяў у счэпцы з іншымі грамадзянамі, выходзіў на праезную частку — г. зн. прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Арцём Цвяткоў прасіў суд пакараць абвінавачанага па арт. 364 КК двума гадамі пазбаўлення волі, па ч.1 арт. 342 КК — адным годам пазбаўлення волі і канчаткова прызначыць два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Яўген Дзмітрыеў віну па арт. 364 КК не прызнаў, а па арт. 342 — прызнаў цалкам.

Як перадае TUT.BY, у апошнім слове ён сказаў:

«Я не дрэнны чалавек і ўжо сапраўды не злачынец. Працаваў у структуры МНС пажарным выратавальнікам. Я першы раз у жыцці спатыкнуўся і абавязваюся больш так не паступаць. Хачу звярнуцца да тых, хто прыйшоў сёння мяне падтрымаць, да тых, хто падтрымліваў мяне і дапамагаў увесь гэты час: дзякуй усім велізарны за ўсё, што вы для мяне робіце, ведайце, што я вас усіх вельмі моцна люблю і моцна вас усіх абдымаю, памятаеце, што ніхто не забыты і нішто не забытае. Быць дабру!»

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: