Палітвязня Няпомняшчых пакаралі 2 гадамі і 3 месяцамі турмы ў закрытым рэжыме

Суд Савецкага раёна Гомеля (суддзя Аляксандар Мохараў) 7 красавіка разгледзеў крымінальную справу 68-гадовага актывіста АГП, пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і пагрозе гвалтам службовай асобе.

Уладзімір Няпомняшчых


Адметнасць суду ў тым, што ён праходзіў у закрытым рэжыме і ў будынку СІЗА-3, дзе ўтрымліваецца Уладзімір Няпомняшчых. Пацярпелая ў справе — супрацоўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва, паведамляе «Радыё Свабода».

Улетку Уладзімір Няпомняшчых збіраў подпісы ў сваю падтрымку як магчымага кандыдата ў прэзідэнты. Кампанію па зборы подпісаў ён выкарыстоўваў для правядзення легальных пікетаў. Подпісы не здаваў.

Увосень актывіст АГП некалькі разоў трапляў на «суткі». Першы раз за тое, што ў складзе групы асоб насіў калектыўны зварот у міліцыю і СК з патрабаваннем разабрацца з міліцэйскім гвалтам. Міліцыя трактавала такі паход як «несанкцыянаванае мерапрыемства» і пакарала пенсіянера МУС «суткамі».

Другі раз Уладзімір Няпомняшчых трапіў на «суткі», калі вывесіў на сваім акне плакат. Гэта таксама было трактавана як пікет, і актывіст АГП зноў атрымаў «суткі».

У лістападзе ён прысутнічаў на судзе над Георгіем Васіленкам, які замяніў на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Васіленку пакаралі «хіміяй».

Паводле абвінавачання, нібыта пасля вынясення гэтага прысуду Няпомняшчых выказаў нейкую пагрозу ў бок пракуроркі Алесі Жураўлёвай, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне.

«Сам Уладзімір Міхайлавіч кажа, што не памятае таго моманту і не памятае, каб выказваў пагрозы. Адзінае, што ён сказаў, — гэта агульную фразу кшталту “арганізаваная злачынная групоўка” ці “вы за ўсё адкажаце”, і тое не адрасна ў бок пракурора», — удакладняў раней адвакат.

Суд пакараў пенсіянера пазбаўленнем волі на 2 гады і 3 месяцы ў калоніі агульнага рэжыму. На карысць пакрыўджанай пракуроркі Алесі Жураўлёвай суд вырашыў спагнаць з асуджанага 1000 рублёў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: