Палітвязня Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суда

Палітычнага зняволенага, актывіста "Маладога фронту" Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе. 


Пра гэта праваабаронцам "Вясны" паведаміла жонка Піліпа Вольга. Суд над актывістам мусіць адбыцца 18 траўня.

Нагадаем, 16–17 студзеня 2020 года (згодна з абвінавачваннем), Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў г. Мінску.

17–19 студзеня 2020 года ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны.

18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Слечага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронцы выказалі нязгоду з такой кваліфікацыяй дзеянняў Піліпа Шаўрова. Па іх меркаванні, мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з'яўлялася празмернай і расцэньвалася толькі як спосаб аказаць ціск на абвінавачанага.

16 красавіка праваабаронцы выступілі з заявай аб прызнанні Шаўрова палітычным зняволеным з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу па арт. 339 КК РБ, адмены меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

Больш за тры месяцы Шаўроў знаходзіўся пад вартай. Некалькі разоў яму адмаўлялі ў змене меры стрымання і пакідалі пад вартай.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: