Палітвязня Уладзіміра Няронскага ў калоніі пазбавілі перадач да жніўня


Палітзняволенага аўтара ютуб-канала «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі, у папраўчай калоніі №15 на Магілёўшчыне пазбавілі прадуктовых перадач да 4 жніўня. Пра гэта «Вясне» паведаміла ягоная жонка Марына. Прычына дысцыплінарнага спагнання — невядомая, але жонка мяркуе, што гэта звязана з тым, што Уладзімір асуджаны па «палітычнай» справе.
Як распавяла Марына, яна дазналася пра забарону на перадачы 16 чэрвеня, калі ўжо прыехала з 50-кілаграмовай перадачай у Вейна, дзе знаходзіцца калонія №15. На наступны дзень прыйшоў ліст ад Уладзіміра, дзе ён сам і паведаміў гэта.

«Але не забароненыя бандэролі, лісты, можна класці грошы на рахунак», — кажа Марына.

Уладзімір Няронскі ўжо працуе ў калоніі. Па словах Марыны, яны з адвакатам рыхтуюць наглядную скаргу на прысуд Лагойскага раёна, якім палітвязня асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама Уладзімір вельмі ўзрадаваўся навіне пра змены ў Крымінальны кодэкс, згодна з якімі яму будзе пералічаны тэрмін адбыцця пакарання. У СІЗА палітвязень утрымліваўся восемь месяцаў, то бок большую частку пакарання ён ужо адбыў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, многіх палітвязняў пазбаўляюць перадач, як толькі яны прыбываюць у месцы адбыцця пакарання. Прычына — «палітычны» артыкул, па якім чалавека асудзілі да пазбаўлення волі. Адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае гэта як дадатковы спосаб ціску на палітвязня.

Нагадаем, 2 лютага суд Лагойскага раёна асудзіў палітычнага зняволенага аўтара ютуб-канала «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Судзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў Няронскага вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 і ч. 1 арт. 342. Палітвязня абвінавацілі ў закліках у сваіх роліках «Слуцк для жизни» да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску, Магілёве. Суд прызнаў, што рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: