Палітвязню Сяргею Капанцу далі 5,5 гадоў калоніі. Ён віну не прызнаў і выступіў з моцным апошнім словам

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 18 траўня вынеслі прысуд палітвязняволенаму, члену ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргею Капанцу. За падзеі 9-11 жніўня ў Мінску яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342, распавядае «Вясна».

Сяргея абвінавацілі ў дапамозе Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў шляхам перадачы ў бот тэлеграм-канала, прызнанага на дадзены момант экстрэмісцкім, тэкставай інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня.

Таксама Капанца абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску.

Сяргей віну не прызнаў. Палова судовага працэсу прайшла ў закрытым рэжыме праз вывучэнне матэрыялаў з экстрэмісцкага тэлеграм-канала. Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала палітвязня 5,5 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запытваў пракурор Іван Процкі.

Паводле версіі абвінавачання, Сяргей Капанец вінаваты ў тым, што ён «у выкананне публічных заклікаў у інтэрнэце аказаў садзейнічанне ва ўдзеле 9 жніўня і наступных днях у загадзя спланаваных пад выглядам масавых мерапрыемстваў беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Так, ён, «дзейнічаючы ўзгоднена з групай асоб [пры гэтым, на лаве падсудных — адзін Капанец. — Заўв. рэд.] з мэтай збору на адным участку максімальна магчымай колькасці агрэсіўна настроеных асоб, якія жадаюць выказаць нязгоду, для стварэння масавасці ўдзельнікаў беспарадкаў», размясціў на вуліцы Ложынскай і ў Фэйсбуку аб'явы-ўлёткі наступнага зместу:

«Дорогие соседи! Приглашаем вас принять участие в подведении итогов президентских выборов. Собираемся в 20.30 у ТЦ "Спектр" (метро Уручье). Обсудим итоги и решим, как жить дальше».

Таксама, паводле версіі абвінавачання, Капанец перадаў у бот тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, звесткі (тэкст і відэа) аб перамяшчэнні спецыяльнай тэхнікі супрацоўнікаў АУС, а менавіта тэкставае паведамленне наступнага зместу:

«14.21: Калона рушыла ў горад з боку Уручча».

«15.13: Вялікая колькасць аўтазакаў з супрацоўнікамі ўнутры, аўтобусы».

З абвінавачання вынікае, што перададзеная інфармацыя выкарыстоўвалася Сцяпанам Пуцілам і Раманам Пратасевічам «у кіраўніцтве і каардынацыі супрацьпраўных дзеянняў удзельнікаў масавых беспарадкаў у Беларусі, у тым ліку ў горадзе Мінску і іх перамяшчэнні па горадзе Мінску».

Таксама Капанца абвінавачваюць у перадачы відэа з калонай спецтэхнікі рэдакцыі Пуцілы, якое той потым выкарыстаў на сваім канале ў некалькіх пастах з надпісамі:

«Ментов и военных свозят в Минск. А что это значит? Это значит, что регионы сегодня покажут, что столица — это далеко не вся Беларусь и протестный запал есть не только там»; «В Уручье встречают колонну транспорта карателей, стянутых из регионов»; «Вся военная техника в Минске, а это значит, что у регионов полная свобода действий. Если вы живёте не в областных центрах, то не забываем выходить сегодня в 20:00 на центральные площади ваших городов».

Пасля гэтага, паводле версіі абвінавачання, Капанец выступіў арганізатарам масавага мерапрыемства каля ГЦ «Спектр» у 20:30, каардынаваў шлях ад «Спектра» да будынка адміністрацыі Першамайскага раёна, што «адпавядала заклікам да ажыццяўлення масавых беспарадкаў», размешчаных у тэлеграм-канале Пуцілы, які заклікаў збірацца ў раённых адміністрацыях.

Так, паводле версіі абвінавачання, Сяргей Капанец аказаў дапамогу Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады — гэта значыць, здзейсніў злачынства па ч. 6 арт. 16 і ч.1 арт. 293 КК.

Таксама Сяргея Капанца абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску, што выявілася ў блакаванні дарог, выкрыкванні ім лозунгаў, здзяйсненні гучных воплескаў рукамі, аказванні відавочнага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Пракурор пералічыў каля дзясятка транспартных сродкаў, рух якіх быў парушаны вечарамі 10 і 11 жніўня амаль на чатыры гадзіны. Пры гэтым сума шкоды «Мінсктрансу» не называецца.

Сяргей Капанец віну не прызнаў па двух артыкулах.

Юрый Васкрасенскі, які з'яўляецца фігурантам гэтай справы, так і не з'явіўся ў суд. На суд ён не мог прыехаць, у тым ліку, таму, што ўдзельнічаў у пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі.

17 траўня Сяргей Капанец выступіў з моцным апошнім словам:

— Вы ведаеце, да 2020 года, я наогул не хадзіў на выбарчыя ўчасткі. Не тое, што не галасаваў, я наогул не хадзіў. У 2020 годзе, калі я даведаўся, што Віктар Дзмітрыевіч Бабрыка збіраецца вылучаць сваю кандыдатуру, а я з ім знаёмы па працы і ведаю яго як прыстойнага і сумленнага чалавека, — для мяне было прынцыповае пытанне ў законнасці.

Мы не можам папракаць у агрэсіі, непадпарадкаванні і невыкананні закону, самі не выконваючы законы, нават тыя законы, якія не адпавядаюць здароваму сэнсу. І калі я пачуў са штаба, што ні пры якіх умовах не будуць здзяйсняцца агрэсія і супрацьпраўныя дзеянні, то я стаў сябрам ініцыятыўнай групы. І ў далейшым я ні разу не шкадаваў, што зрабіў гэта, таму што Віктар Дзмітрыевіч па-ранейшаму застаўся тым чалавекам, якога я ведаў шмат гадоў таму: прыстойным, сумленным і ўважлівым.

Летась ад каронавіруса памерла наша мама, і Віктар Дзмітрыевіч знайшоў магчымасць патэлефанаваць, выказаць спачуванне і прапанаваць матэрыяльную дапамогу, хоць сам быў заняты паездкамі па рэспубліцы. Я вельмі ўдзячны штабу за тое, што ў гонар нашай мамы ўсю выбарчую кампанію, калі ажыццяўляўся збор подпісаў, было прынята рашэнне лічыць сімвалічны голас маёй мамы пры папярэднім падліку галасоў. Таму я вельмі раўніва ўспрыняў тое, як Цэнтрвыбаркам выкрасліў палову галасоў за Дзмітрыя Віктаравіча Бабарыку, таму што я ведаю, як людзі ставіліся да гэтых подпісаў, якія мы збіралі.

У рускай мове ёсць выдатнае слова: «Опасливый». Гэтым словам называлі дачку Пятра I Лізавету. У гэтай кампаніі я быў вельмі апаслівы. Я разумеў, што, калі я зраблю хоць найменшае супрацьпраўнае дзеянне, я буду размазаны па сценцы. Таму я ўлічваў слова «апаслівы» пры кожным сваім дзеянні...

Калі я знаёміўся з пастановай у якасці абвінавачанага, датаванай 18.03.2021, я некалькі разоў перачытаў і ў мяне было ўражанне, што я чытаю нейкую публікацыю «Савецкай Беларусі» — настолькі тут было ўсё маніпулявана, падтасавана, сфабрыкавана і велізарная колькасць жаданага выдадзена за сапраўднае.

Я так разумею, што маё абвінавачанне будавалася на трох эпізодах. Першы эпізод тычыўся майго паведамлення ў телеграм-канал. Гэта не дапамога, гэта трызненне — паведаміць у 15:03, што было ў 11:30. Пра інтэрнэт я ўжо проста маўчу: калі па ўсёй краіне не працуе інтэрнэт, то вінаваціць чалавека ў дапамозе з выкарыстаннем сацсетак...

Што тычыцца 9 жніўня, то я разумею задачы, якія перад сабой ставіла КДБ: знайсці арганізатараў масавых беспарадкаў, гэта ўваходзіла ў іх планы. Вырашылі прызначыць мяне. Калі перадалі справу ў Следчы камітэт, то яны зрабілі вельмі правільна — адправілі запыты ў РУУС 9 жніўня па факце масавых беспарадкаў 9-11 жніўня, колькі ўдзельнічала ў акцыях і колькі было затрымана, у тралейбусныя паркі аб пашкоджанні тэхнікі ад «Спектра» да «Усхода». Там ні затрыманых, ні пашкоджанага транспарту не было. Гэта значыць, масавых беспарадкаў не было, а арганізатар ёсць?

І самае цікавае пытанне: чаму ў матэрыялах справы адсутнічаюць фотаздымкі правакатараў? Чаму ніхто не вывучае паказанні, якія я даваў падчас следства? Больш за тое, я казаў, што нас суправаджаў супрацоўнік РУУС [9 жніўня са «Спектра» да «Усхода». — Заўв. рэд.], але хоць хто-небудзь праверыў гэтую інфармацыю? Улічваючы тое, што гэтыя людзі дзякавалі ў тым, што я аказаў садзейнічанне, што ні аднаго складзенага пратакола не было. Супрацоўнікі РУУС кажуць «дзякуй», што ўсё прайшло вось так. Я думаю, што абвінавачваць мяне ў нейкай дапамозе арганізацыі масавых беспарадкаў — трызненне.

Што тычыцца 10 жніўня, то я нават сабе выпісаў цытату. Я нядаўна чытаў Салжаніцына і вось, што там напісана: «Testis unus, testis nullus (адзін сведка — не сведка)». Гэта пісаў Аляксандр Салжаніцын пра рэпрэсіі 1937 года. Дык пытанне, на чым грунтуюцца вашы паказанні, што я знаходзіўся 10 жніўня на станцыі метро «Пушкінская»? На даносе майго суседа, якому паабяцалі свабоду і які гатовы быў напісаць усё, што заўгодна. Перада мной такі ж ліст у КДБ ляжаў два дні, але ў мяне хапіла сумлення не напісаць гадасці ні на каго. А ён напісаў гэта і падкінуў мае фотаздымкі. Гэта фота з айфона, а не з майго тэлефона. і недарма я прасіў аб экспертызе — я ведаю, пра што я кажу...

Высокі суд, як я ўжо казаў, летась так атрымалася, што мае бацькі захварэлі на каронавірус і памерла наша мама. Тату ўдалося выратаваць... А яшчэ я хацеў бы сказаць пра свайго сына. Вы не ўяўляеце, наколькі мы з жонкай былі рады бачыць, як хлапчук з простага вясковага хлопца ператварыўся ў прыгожага хлопца, інтэлектуала. Гэта хлапчук, якім мы вельмі ганарымся. 20 траўня ў маёй жонкі Дзень нараджэння. Карыстаючыся выпадкам, хачу ёй сказаць вялікі дзякуй.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: