«Палітычная» база даных «БЕСпорядки» ў рэальным дзеянні. Што чакае па вяртанні на радзіму людзей з 23.34

 Журналіст Ігар Карней распавёў, як іх з жонкай сустрэлі ў мінскім аэрапорце.

Па вяртаньні стамбульскім рэйсам былі спыненыя на пашпартным кантролі менскага аэрапорту. Памежніца, прасканаваўшы дакумэнты, крыху сарамліва адвярнулася і выклікала па рацыі падмогу. Спачатку ў “адстойнік” адвялі Іну Карней, сьледам рушыў і я.

Добра, што ў аэрапортавым хаосе (кожнага разварочвалі ад вакенца і прымушалі запаўняць па тры экзэмпляры паперак на самаізаляцыю, а гэта пару сотняў пасажыраў) быў час пачысьціць тэлефон – ці мала да чаго можна дакалупацца, калі пастаўлена задача ператрэсьці “востракапытных”?

Крыху памарынаваўшы ў трывожным чаканьні, адвялі на пэрсанальны дагляд. У першую чаргу кантралёраў цікавіла “валюта, літаратура, мэдпрэпараты, забароненая сімволіка”. Перамацалі ўсё, але нічога, акрамя “бывших в употреблении вещей”, у акт занесьці не ўдалося.

Адзінае, чамусьці паленаваліся прашчоўкаць кадры з фотаапарату, там экстрэмізм дакладна знайшлі б – афармленьне стамбульскай станцыі мэтро “Таксім” скрозь у "злачынных колерах". Адпаведна, цягне на "адзіночны пікет", бо яўна без папярэдняга ўзгадненьня са стамбульскай адміністрацыяй.

Зрэшты, прадбачачы падобны «цёплы прыём» на радзіме пасьля мінулагодніх судоў па народным артыкуле 23.34 (мае суткі і Інін штраф), абмежаваліся двума заплечнікамі з мінімумам зьмесьціва. Ды яшчэ з іх даглядамі ў зону д'юці-фры ня трапілі, зусім пустыя.

Дык гэта Стамбул, дзе сёньня зьбіраюцца транзітнікі з усяго сьвету. З гэтага самалёту нас прашманалі толькі адных, з вялікімі бауламі калі і прыпынялі, дык выключна на рэчавы "рэнтген".

У выніку ўклаліся ў гадзіну змарнаванага часу, хоць не было б вялікім сюрпрызам, каб плаўна перакачавалі ў аддзяленьне міліцыі ці яшчэ далей.

...Можна толькі ўявіць, як сустракаюць «беспорядочных» з Варшавы, Вільні ці Кіева, дзе заселі галоўныя «куклаводы».

(Захаваны правапіс арыгіналу)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: