Палітзняволеная Марфа Рабкова спадзяецца, што суд над ёй адбудзецца да канца лета

Праваабаронца «Вясны» і палітзняволеная Марфа Рабкова ўжо сёмы месяц утрымліваецца ў СІЗА-1. Як да яе даходзяць лісты? Пра што яна піша і як сябе адчувае? Пра гэта «Вясне» распавёў муж Марфы Вадзім Жаромскі.

Апошнім часам стаў апісваць «усякую жыўнасць”=», кажа Вадзім пра свае лісты Марфе:

«У мяне з'явіліся налепкі з кажанамі ад "Аховы птушак бацькаўшчыны" — я наклейваю налепку і пра кожную распавядаю ўсякія гісторыі. На адзін ліст пра кажаноў Марфа адказала: ёй вельмі спадабалася. На іншыя — можа быць, не дайшлі. Да СІЗА дайшлі дакладна, а вось аддалі ці не — гэтага я не ведаю».

Лісты ад Марфы Вадзіму

Лісты ад Марфы Вадзіму

Вадзім распавёў, што за ўсю яго гісторыю перапіскі з Марфай лісты ў абодва канцы даходзілі па-рознаму:

«Спачатку ад яе даходзіла, а да яе — з цяжкасцю. Потым быў момант, калі перапіска цалкам спынілася. Але, напэўна, у апошні месяц усё стабілізавалася: да мяне амаль усе лісты даходзяць, а да яе ад мяне — з вялікімі перабоямі, бывае, месяц ліст ідзе».

Стабілізацыю перапіскі Вадзім меркавана звязвае з тым, што Марфа паскардзілася адміністрацыі СІЗА. Аднак гэта палепшыла толькі яго асабістую перапіску з Марфай — іншым яе сваякам лісты па-ранейшаму даходзяць дрэнна:

«Бацькам ад Марфы лісты прыходзяць рэдка, ад бацькоў Марфе — таксама. Ад сястры ўжо некалькі месяцаў лістоў не аддавалі. На самой справе, я, напэўна, адзіны, каму ў апошні час рэгулярна прыходзяць лісты», — кажа Вадзім.

Ад іншых жа людзей Марфе аддаюць каля аднаго-двух лістоў у дзень. Хоць Марфа ўпэўненая, што пішуць ёй часцей. Усяго за час яе знаходжання ў СІЗА такіх лістоў назбіралася каля 500.

Марфа чытае шмат кніг, пра што і распавядае Вадзіму:

«У суседкі ёсць раздрукаваны спіс кніг, якія ёсць у мясцовай бібліятэцы, — амаль 700 найменняў, — напісала яна ў адным са сваіх апошніх лістоў. — Два дні яго сабе перапісвала, але гэта не поўны спіс наяўных кніг, думаю, мне хопіць на той прамежак часу, пакуль я тут буду знаходзіцца [ ... ] Працягваю чытаць Герберта Уэлса, дачытала "Война миров", пачала "Пищу богов"».

Часам у Марфы атрымліваецца глядзець фільмы — але не заўсёды цалкам. Сярод іх — «Еш, маліся, любі» і «Неуязвимый».

А яшчэ Марфа даслала Вадзіму паштоўку: на ёй як быццам намаляваны іх кот Марфэй.


«Вядома, што яна памяняла шмат камер, напэўна, штук восем, — распавёў Вадзім. — Толькі ў апошні час у яе нармальная камера — там унітаз з'явіўся. Да гэтага проста дзірка ў падлозе была. Па восем чалавек, здаецца, у камеры. Палова палітычных. Паміж сабой усе маюць зносіны, канфліктаў няма».

Марфа скардзіцца, што ў камерах мала святла-з-за «раснічак» на вокнах (гэтую праблему не раз падымалі праваабаронцы).

Паводле слоў Вадзіма, Марфа спадзяецца, што суд будзе да канца лета 2021 года.

«Абяцанні следчых наогул розныя былі: і канец 2020 года, і пачатак 2021 года, — успамінае Вадзім. — Але ўсё ў іх мяняецца пастаянна, таму цяжка прадбачыць. Гэта радасці, вядома, не надае — ні артыкулы, якія ёй прад'яўляюць, ні месца, у якім яна знаходзіцца.

Але зараз наступіла вясна, і праз "раснічкі" трошкі сонейка прабіваецца — таму настрой у Марфы стаў лепшым».

Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня. Прычына — крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці»). Па гэтым артыкуле ёй і было прад'яўлена абвінавачанне.

19 верасня яе перавялі з ІЧУ ў СІЗА №1 у г. Мінску.

11 лютага Марфе прад'явілі новыя абвінавачанні па ч.3 арт.130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асоб») і ч.2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса («Удзел у злачыннай арганізацыі»). Цяпер Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Марфе Рабковай некалькі разоў працягвалі тэрмін утрымання пад вартай. Паводле апошняй інфармацыі, у СІЗА-1 яна будзе знаходзіцца да 17 чэрвеня 2021 года.

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: «Amnesty International», «Front Line Defenders», Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH).

Падтрымайце Марыю Рабкову лістамі салідарнасці! Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: