Палітзняволеная Вольга Класкоўская: Мы хутка зноў убачымся на Пляцы Перамогі

«Я не ведаю, што сёння адбываецца ў нашай краіне, у мяне поўны інфармацыйны вакуум. Але, неверагодныя беларусы, я ўпэўненая, што хутка мы зноў з вамі ўбачымся на Пляцы Перамогі», — піша Вольга сваёй маці Людміле Класкоўскай з-за кратаў гомельскай калоніі №4. Вытрымкамі з ліста палітзняволенай і сваімі перажываннямі падзялілася з «Новым Часам» спадарыня Людміла.
З болем гавару пра тое, што амаль увесь сакавік мая дачка знаходзілася у медсанчастцы, — зазначае Людміла Класкоўская.

У Гомель Вольгу этапавалі з СІЗА №1 проста з-пад кропельніцы, адразу пасля выраку гарадскога суду. У другі раз ёй тэрмінова спатрэбілася хірургічнае лячэнне.

«Нічога дзіўнага, што арганізм даў такі моцны збой, — тлумачыць сама Вольга. — Траўма галавы пры затрыманні, адзіночнае затачэнне з лужынамі па костку ў турме Жодзіна».

Каб праясніць сітуацыю, Людміла Класкоўская накіравала зварот да кіраўніцтва калоніі: у якім стане дачка, якое лячэнне? Пасля атрыманага адказу, кажа маці, яна не можа спаць, нават снатворнае не дапамагае.

Там, як кажуць, цэлы «букет» у яе, у тым ліку праблемы са шчытападобнай залозай, пагоршыўся зрок. На «Валадарцы» ў камеры кругласутачна гарэла святло, але ўвесь час было вельмі цёмна, а дачка шмат пісала і чытала.

Людміла пракансультавалася са знаёмымі медыкамі, іх адказ адназначны: Вользіны праблемы найперш звязаныя са стрэсам, эмацыянальным напружаннем і нягоднымі ўмовамі ўтрымання.

Але ёсць адзіны станоўчы момант, як піша Вольга: «Стаўленне медыкаў у калоніі добрае, нічога сказаць не магу, і ўмовы у медсанчастцы таксама».

Не паспела Вольга даехаць да Гомеля, як адміністрацыя калоніі №4 адразу ж паставіла яе на прафілактычны ўлік. Бо яна «схільная да парушэння грамадскага парадку».

Сваімі перажываннямі маці палітзняволенай дзеліцца не для таго, каб «паплакацца».

Сёння ў вялікай бядзе многія сваякі, дзеці і родныя тых, хто пакутуе за кратамі за свае погляды і перакананні. Мне неяк на вочы трапіўся артыкул «У беларусаў жыве страх неяк глыбока». Ну як можна з гэтым пагадзіцца? Паглядзіце, як годна трымаюцца на судах нашы хлопцы і дзяўчаты, лідары апазіцыі, які гонар, якая вытрымка! Апошнія словы ў судах, якія яны прамаўляюць пасля нечалавечых адседак за кратамі! Якія прыгожыя, узнёслыя твары, як яны цудоўна выглядяюць, нягледзячы на жудасныя умовы ўтрымання! Я, напрыклад, калі слухала на судзе апошняе слова сваёй дачкі, нават уявііць не магла, што яе адтуль забяруць на «хуткай».

Вольга Класкоўская і цяпер супакойвае: «Я ні пра што не шкадую, і я ніколі не прагнуся пад гэтай сістэмай, прайду праз усе выпрабаванні і ніколі не адмоўлюся ад сваіх перакананняў, як бы цяжка ні давялося. Усё міне, а праўда застанецца».

 Маці палітзняволенай зазначае, што дзіцячая цікаўнасць Вольгі да працы бацькоў-журналістаў з цягам часу перарасла ў свядомы выбар. І ўжо ў 15 гадоў яна пачала супрацоўнічаць з «Народнай Воляй». На той час сур’ёзна захапілася ідэямі «маладафронтаўцаў», стаяла ля вытоказ стварэння «Маладога Фронту». Ужо ў 17 гадоў яна працувала ў штаце «Народнай Волі», а пазней паступіла вучыцца на завочнае адзяленне факультэта журналістыкі БДУ. Але ўжо тады, пры гэтай уладзе, факультэт быў не толькі бастыёнам вальнадумства, але і бастыёнам цемрашальства. Пазбаўляцца ад непажаданых студэнтаў станавілася звычайнай нормай, і на 3 курсе Вольгу «папрасілі» з журфака з-за яе грамадзянскай і палітычнай пазіцыі.

 Гісторыя зноў паўтараецца, але застаецца «вера ў перамогу, дабро і справядлівасць», піша Вольга.

Там, за кратамі, вязні жывуць гэтай надзеяй. Хоць «адмысловая інфармацыйная блакада вельмі напружвае», зазначае палітзняволеная. Ёй выдалі толькі некалькі нумароў «АІФ», «Жаночай газеты», «Нашага слова» і «Здравушкі». Аніводнага нумара «Нашай гісторыі» і «Новага Часу» не прынеслі.

Як піша Вольга Класкоўская, яе выклікаюць у адміністрацыю і знаёмяць з актамі аб знішчэнні гэтых выданняў, матэрыялы якіх «распальваюць нацыянальную і сацыяльную варожасць». Улічваючы, што «рубяць» і шмат лістоў з палітычнай інфармацыяй, Вольга практычна ў суцэльным іфармацыйным вакууме. Але ніякія довады не працуюць унутры гэтай сістэмы, адзначае яна.

Пра быт маці даведалася ад яе толькі ў апошнім лісце, які атрымала днямі. Бо толькі нядаўна яе перавялі ў атрад.

«Мне тут выдалі целагрэйку, сто гадоў яе не насіла, толькі што ў дзяцінстве, бадай, у вёсцы па прыколе. Яшчэ далі спадніцу, блузку і пінжак. На вопратцы — нашытая бірка з маім прозвішчам. Класіка, дзесьці я ўжо гэта бачыла! Яшчэ я тут часта ўспамінаю свайго прапрадзеда Вацлава Класкоўскага, які адсядзеў 20 гадоў у сталінскіх лагерах. Але ўсе здзекі з боку таталітарнага рэжыму яго не зламілі, ён ніколі не стаяў на каленях!

Я жыву ў секцыі, дзе больш за 30 чалавек. Туалет і ўмывальнікі на 120 чалавек, паколькі на нашым паверсе тры такія секцыі. Таму часам умыцца і пачысціць зубы няма магчымасці. Што тычыцца працы, то мы з Наташай Хершэ адмовіліся шыць вопратку для сілавікоў. Пакуль што ў мяне статус вучня на швейнай фабрыцы, шыю нейкія дробныя рэчы, якія не звязаны з асноўнай вытворчасцю (вайсковай формай), але што будзе далей, не ведаю.

Мне было прасцей на "Валадарцы". Умовы там таксама не цукар, але хаця б усе газеты аддавалі і там было "нашых" шмат, і вы побач. Але як ёсць так ёсць, перажывём і гэта», — бадзёрыць маці дачка.

І ўсё ж, нягледзячы на абставіны, лістоў у калонію ідзе багата.

«Я ўсім вельмі ўдзячная за падтрымку. Яна надае сілы і ўмацоўвае веру, што шчырых, неабыякавых беларусаў вельмі шмат, а іх імкненні жыць у вольнай краіне і быць на сваёй зямлі сапраўднымі гаспадармі нязгасныя!» — перадае Вольга.

Яшчэ яна просіць не дасылаць у калонію бандэролі і пасылкі, бо, паводле правілаў, гэта могуць рабіць толькі родныя і сваякі зняволеных.

«Вельмі шкада людзей, бо яны і душу, і грошы ў гэта ўкладваюць, а ўсё марна».

Адрас для лістоў Вользе Класкоўскай: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: