Палітзняволеную Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму»

Як стала вядома «Вясне», праваабаронцу і каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму». Пакуль невядома, якім чынам гэта адаб'ецца на яе ўмовах утрыманнях у СІЗА-1, дзе яна знаходзіцца ўжо восьмы месяц.

Раней праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская распавядала, што 25 сакавіка Марфа Рабкова разам з сукамерніцамі адсвяткавала Дзень Волі, надзеўшы белае адзенне і ўплецеўшы ў валасы бел-чырвона-белыя папяровыя кветкі. Пасля гэтага камера была расфармаваная. Пазней «Вясне» стала вядома, што за гэта дваіх дзяўчат змясцілі ў карцэр на 5 і 10 сутак.

Гацура-Яворская правяла з Марфай у адной камеры сем дзён да свайго раптоўнага вызвалення 15 красавіка.

Праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года, а ў СІЗА-1 утрымліваецца з 19 верасня. Яна абвінавачваецца ў трох артыкулах: ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці, ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб) і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Па гэтых артыкулах Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Марфе некалькі разоў падаўжалі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. У апошні раз — да 19 чэрвеня 2021 года.

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: