Палова айцішнікаў лічыць, што дыстанцыйная праца ратуе не толькі ад кавіду, але і ад сілавікоў

На думку 57% айцішнікаў, якія прынялі ўдзел у анкетаванні dev.by, дыстанцыйная праца абараняе не толькі ад хваробы, але яшчэ і ад магчымых затрыманняў у грамадскіх месцах.

dev.by

Палова айцішнікаў сказалі, што дыстанцыйная праца абараняе не толькі ад кавіду, але і ад сілавікоў. У анкетаванні паўдзельнічалі 1088 ІТ-спецыялістаў.

Падчас падобнага апытання dev.by у лістападзе мінулага года 61% ІТ-спецыялістаў на пытанне пра тое, ад чаго абараняе дыстанцыйная праца, адназначна заявілі, што ад каронавіруса. Цяпер меркаванні змяніліся.

Каронавірус згадалі толькі 43% рэспандэнтаў. Амаль 44% айцішнікаў лічаць, што дыстанцыйная праца абараняе як ад COVID-19, так і ад лішніх перасоўванняў па горадзе, якія небяспечныя з улікам сітуацыі ў краіне. Яны занепакоеныя тым, што ў Беларусі працягваюцца затрыманні на вуліцах.

Крыху больш за 13% айцішнікаў мяркуюць, што дыстанцыйная праца дапамагае ў першую чаргу ўстрымацца ад лішніх перасоўванняў па горадзе і тым самым пазбегнуць магчымых непрыемнасцей.

Такім чынам, большасць беларускіх ІТ-спецыялістаў мяркуе, што кіраўніцтву іх кампаній варта ўлічваць не толькі эпідэміялагічную, але і палітычную сітуацыю ў краіне. Калі пандэмія скончыцца (захворванне моцна пойдзе на спад), а палітычны крызіс у Беларусі працягнецца, то дыстанцыйная праца адназначна мусіць быць падоўжаная. Так лічыць больш за 43% айцішнікаў.

У той жа час траціна ІТ-спецыялістаў не бачаць сувязі паміж перспектывамі дыстанцыйнай працы і палітычным крызісам.

Паводле dev.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: