Памаўчым з мандарынкай у кішэні...

Канец года — шанец размяняць спажывецкі шал на татальны расслабон. Трусікі з медзведзяняткамі аджыгаюць пад дуркаваты «Jingle Bells», кавярні прастаўляюць бадзёры глінтвейн, у гіпермолах — чэргі па пернікі, алкаголь на зніжках хапаюць — толькі паднось, у годныя прэзенты трапляе што заўгодна — ад айпадаў да ручнікоў…


Сур’ёзна да гэтай шызы ставіцца немагчыма. Застацца абыякавым — таксама. Калякаляды ствараюць нармальны еўрапейскі сюжэт для нашай недаеўрапейскай дзяржавы. Тут нават чарговы чорны амапаўскі патруль выглядае парай цацачных жаўнерыкаў, шэры мінскі цэнтр зіхаціць што тая Вільня, камароўскія мандарынкі падаюць у нашыя халодныя ручкі. Па ўсіх стратэгічных месцах сталіцы ўжо тырчаць зборныя ялінкі. Мега-лега-крыстмас. Свята самападману.

Найлепшае на Каляды заўсёды ладзіш сабе сам. Бо галоўнае не тое, што табе пакладуць пад ялінку (колькі сябе памятаю — стабільна не тое, не чаканае). Сэнс свята – у здольнасці злавіць добрую хвалю і заставацца на ёй як мага даўжэй. Наладзіць свае нервы, як гітарку. Няспешна. Далікатна. І хай сабе гучаць як хочуць. Абы ў лад.

Як гэта робіцца? Вельмі проста. Адкідваецца неістотнае, згадваецца смачнае. Белы снежань дазваляе разнежыцца і пачаставаць сябе, любімага. Старой плыткай Лу Рыда. Самаробным цыбулевым сочывам. Свежай кніжкай Уільяма Гібсана. Юбілейным перавыданнем бітлоўскага “Сяржанта”. Ці проста выпадковай сустрэчай са старым сябруком. Ты заснежаны, ён заснежаны. Абодва ляцім па справах. Усміхнуліся. Перакінуліся слоўкам. Паляцелі далей. Ужо крыху іншыя. Ужо крыху цяплей.

Калядамі не гандлююць. Каляды не набываюць. Бо за ўсім пластыкава-цукерачным хлудам хаваецца не тавар, а настрой. Кароткі жыццёвы выбар. Магчымасць паўзы без відавочнай нагоды і верагодных наступстваў.

Швэндацца праз завею з пастылай кавай у кардонным кілішку. Чытаць у метро беларускага Кена Кізі. Прапусціць свой трамвай. Не спяшацца на наступны. Забурыцца ў падземную кніжную краму на “Кастрычніцкай”. Палічыць сняжынкі на шыльдзе “Корпуса” і сысці прасветленым. Куды? А ўсё адно. Бо сёння паўсюль зіма. І, пэўна ж, паўсюль Каляды.

Часам шкада, што яны ёсць. Папсовае каляднае засмечвае зрок (ня)танным мерчандайзінгам, раскручвае карусель сямейнай весялухі, ператварае кікімар у снягурак і наадварот, дурыць галаву салодкімі прыпеўкамі ды дзіцячым лямантам, засыпае нашую самоту папяровым канфеці і падсоўвае тутэйшым разумнікам пластыкавыя дудзелкі made in China. “Ёлки новые — в декабре 2017-го будет жарко!”. Хтосьці скажа: файная прышчэпка ад правінцыйнасці. Як на мяне — наадварот. Трыумф статкавай свядомасці: “Мне пяць пернікаў з сабачкам, дзесяць налепак, заечыя вушкі і вyнь той чырвоны капялюшык!” — “Вой, даражэнькая, і мне таксама!”. Каб было правільна. Як ва ўсіх. Серыйнае свята: батальёны зайцоў і брыгады сняжынак падгрызаюць горы пернікаў і ладзяць бязмежныя карагоды пад тэлевізар. Пакуль старэйшая генерацыя годна залівае хатні салацік айчынным віскачом і кантрабандным абсэнтам.

Калядныя спевы? Яны патрэбныя толькі каб ад іх збегчы. Пачуць штатаўскае “Let it snow, let it snow, let it snow!”, брытанскае “І’m lo-o-o-nely this Christmas…” ды шведскае “Happy New Year! Happy New Year!” – і грымнуць дзвярыма, вылецеўшы на ганак з чужой цыгарэтай у зубах. Дайце хто запальнічку!

Найлепшая музыка cнежня — твае крокі, калі клыпаеш дадому ўвечары, па сваім (пакуль яшчэ адносна ацалелым) Трактарным. Там — сталоўка, тут — “Віталюр”, ля пад’езда пралетарыі рахмана разліваюць гарэлачку. Зноў жа снежыць паціху. Усё нармальна. Усе пры справах.

І ніякіх, блін, Пуціных. Ніякіх выбараў-дурыбараў. Ніякага, барані божа, аліўе з нязменным вусатым тэлеказачнікам. Так можна. Так варта. Без жоўтых сабакаў. Без чырвона/зялёных. Без герояў і казлоў. Без забаўляльнікаў ды махляроў. Без кубкаў з Купалам і худзі з “Пагоняй”. Без гаварашчых праўду і калядных партызанаў. Без інвалідаў духу і гігантаў фэйку. Нават без “Белсата”.

Рэальныя Каляды — адмысловая матэматыка: не складанне, а адыманне. Той выпадак, калі менш – гэта больш.

Галоўны падарунак тут — пустэча. Дзе, у прынцыпе, можа быць што (і хто) заўгодна. Але пакуль – татальныя вакансіі. Чысты аркуш. Што напішаш — тое й будзе.

Страшна накрэмзаць не тое. Але горш прамаўчаць. Вось і стаіш сабе на тым снежаньскім аркушы арфаграфічнай памылкай. Ці то паюзаны зайчык, ці то пасівелае лісяня. Ловіш момант.

І падаецца, што магчыма лепш. Інакш. Што мінулае раптам адваліцца як луста хлеба і далей будзьма жыць толькі наперад. Чырвоным па белым. Прыгожа і моцна.

Ясна, што будзе не так. Ясна, што кожная паўза — на тое, каб скончыцца. А потым зноў выйдзеш на поле, каб адбіць чарговы мяч. І зноў атрымаць у пысу ад нязручнай рэчаіснасці. Але потым будзе потым. А пакуль — чыстая старонка, якую шкада сапсаваць.

Паміж — гэта пазначэнне перспектывы. Нявызначанасць – каляднае шчасце.

Шарагоўцаў дабрабыту Каляды мабілізуюць. Асобных ды адметных — адпускаюць. Паслухаць снег. Заблукаць у думках. Пакаштаваць слоўкі. Вытрымаць паўзу.

Памаўчым з мандарынкай у кішэні.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: