Памерла мама Цімура, падлетка, які трапіў у рэанімацыю пасля затрымання і збіцця

Сёння стала вядома, што памерла 44-гадовая Таццяна М. — маці 17-гадовага Цімура, які апынуўся ў рэанімацыі пасля затрымання на акцыі пратэсту. У жанчыны засталіся дзевяць дзяцей, сямёра з іх непаўналетнія.
Таццяна ў цэнтры. Фота: t.me/nashaniva

Таццяна ў цэнтры. Фота: t.me/nashaniva

Паведамлялася, што жанчыну моцна падкасіла гісторыя з затрыманнем сына.

Сям'і вырашыла дапамагчы кампанія BY_HELP, якая збірае грошы на дапамогу рэпрэсаваным. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку яе каардынатар Андрэй Стрыжак.

«Паважаючы гора сям'і, сёння мы не будзем гаварыць з імі аб нумарах карт і спосабах дапамагчы, але пагаворым аб гэтым з вамі. Кожны хто хоча перавесці грошы сям'і, стаўце + у каментарах. Пазней, пасля таго, як мы звяжамся з сям'ёй, вы атрымаеце ў асабістыя спосаб пераводу грошай (paypal і карта). ВАЖНА! НУМАР КАРТЫ НІКОЛІ не будзе апублікаваны, каб выключыць магчымасць ашуканскіх збораў. Ашуканцы капіююць пасты, устаўляюць свае дадзеныя карт і атрымліваюць грошы, якія прызначаны ахвярам. Просьба да тых, хто атрымае нумар карты сям'і ў асабістыя, таксама нідзе яго не публікаваць у адкрытым доступе», — напісаў Стрыжак.

Каардынацыю дапамогі сям'і бярэ на сябе праваабаронца і багаслоў Наталля Васілевіч.

17-гадовага Цімура затрымалі падчас акцыі пратэсту 12 жніўня. З пастарунку яго прывезлі ў лякарню моцна збітым. У хлопца былі шматлікія траўмы, нейкі час яго трымалі ў медыкаментознай коме. Тагачасны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, быццам падлетка даставілі ў лякарню пад псіхатропамі, але медыцынскія дакументы гэта абвяргаюць.

Калі хлопца перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, стала вядома, што на яго пачалі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках. Пасля допыту Цімур зноў трапіў у рэанімацыю. Пасля чарговага пераводу ў звычайнае аддзяленне хлопец уцёк з лякарні, яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: