Памежнікі знялі з цягніка журналіста і актывістку: шукалі экстрэмісцкую літаратуру

Праваабаронцам «Вясны» 22 верасня стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы «Тэрэспаль-Брэст» з цягніка знялі журналіста «Новага Часу» і «Зялёнага Партала» Аляксандра Вялітчанку і актывістку Аліну Сцяцову, калі яны вярталіся дадому ў Беларусь.
Журналіст Аляксандр Вялітчанка. Фота з фэйсбука

Журналіст Аляксандр Вялітчанка. Фота з фэйсбука

Па словах Аляксандра, у іх адразу забралі пашпарты, а пасля таго, як правялі дагляд рэчаў у цягніку, адвялі на асабісты дагляд. Аднак, каб яго ажыццявіць, работнікі мытнай службы павінны атрымаць подпіс начальніка, у якога зараз выходны. Вядома, што мытнікі паехалі за подпісам. Вялітчанку і Сцяцову зачынілі ў зале пагранічнага кантролю. Яны чакаюць ужо больш за гадзіну, спазніўшыся на бліжэйшыя цягнікі.

Пры даглядзе ў іх пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.

«Потым параілі падумаць, чаму гэта адбываецца тут і цяпер», — кажа журналіст.

У 15:30 памежнікі пачалі асабісты дагляд журналіста. Праз 20 хвілін дагляд скончыўся.

«Праверылі ўвесь заплечнік. Сказалі, распрануцца да майткоў. Здаецца, усё было па працэдуры. Прысутнічаў паняты, памежнік, які здымаў з цягніка, і чалавек, які даглядаў мяне. Аформілі пратаколам, які далі падпісаць», — распавядае Аляксандр Вялітчанка.

Праз некаторы час даглядзелі і актывістку Аліну Сцяцову. Асабісты дагляд актывісткі ажыццяўлялі жанчыны.

Пра прычыны такой увагі да журналіста і актывісткі беларускія мытнікі не паведамілі. Уся працэдура заняла больш за дзве гадзіны.

Пасля гэтага, як распавёў Аляксандр Вялітчанка, начальнік змены папрасіў прабачэння за ўсё гэта і сказаў, што яму гэтая працэдура таксама непрыемная і што гэта не яго жаданне.

«І паўтарыў, каб я задумаўся, "дзе, калі, з кім і чаму", бо гэта можа працягвацца кожны раз пры перасячэнні мяжы», — дадаў журналіст.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!