Памежны пераход у Кузьніцы на мяжы з Беларуссю закрыюць на рамонт. Чакаюцца чэргі

Памежнікі папярэджваюць, што могуць паўстаць «часовыя цяжкасці ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы», паведамляе «Свабода».

Памежны пункт Брузгі — Кузьніца, архіўнае фота «Свабоды»

Польскія памежнікі анансавалі маштабны рамонт на памежным пераходзе ў Кузьніцы, што на дарозе з Гродна на Беласток (з беларускага боку — Брузгі). Рамонт плануюць правесці ў два этапы:

1. Ад 22 ліпеня цягам двух месяцаў будзе закрыты выезд з Польшчы ў Беларусь.

2. Па заканчэнні гэтых работ (мяркуецца, у канцы верасня) яшчэ на два месяцы закрыюць адваротны кірунак, з Беларусі ў Польшчу.

Памежнікі папярэджваюць: «Могуць быць часовыя цяжкасці ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы ўсімі відамі транспарту, што можа прывесці да павелічэння часу чакання праверкі на мяжы».

Звесткі пра чэргі на мяжы публікуюць у рэальным часе на сайце беларускага Памежнага камітэту.

Кузьніца — не адзіны памежны пераход між Беларуссю і Польшчай. Застаюцца працаваць пераходы Бераставіца – Баброўнікі (дарога на Беласток з Ваўкавыску і Слоніму), Пясчатка – Палоўцы (з Брэсту на Бельск-Падляскі), Дамачава – Славатычы (на поўдзень ад Брэсту), грузавы Казловічы – Кукурыкі (на поўнач ад Брэсту) і пасажырскі Брэст – Тарэспаль.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!