Памяць беларускага дысідэнта ўшанавалі ў Мінску

13 сакавіка, у дзень нараджэння палітычнага вязня 1960–1970-х гадоў Сяргея Ханжанкова, у мінскім офісе Партыі БНФ прайшла вечарына памяці беларускага дысідэнта, а таксама адбылося першае ўганараванне медалём імя Сяргея Ханжанкова.

Сярод прысутных на мерапрыемстве, якое вяла сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая, былі вядомыя ў Беларусі асобы — прафесар Леанід Лыч, мастак Генадзь Драздоў, гісторык Ігар Лялькоў, пісьменнік Аляксандр Тамковіч і многія іншыя.

На вечарыне са сваімі ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова выступілі заснавальнік Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, рэжысёры Уладзімір Халіп і Валер Мазыскі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, пісьменнік Ілля Копыл, паэт Славамір Адамовіч, палітык, адзін з лідараў БНК, былы палітвязень Мікола Статкевіч.

Прачула прагучала прамова ўдавы Сяргея Мікалаевіча — Алены Скам’янавай.

У памяць вязня савецкіх канцлагероў свае творы выканалі паэт Зміцер Захарэвіч і бард Андрэй Мельнікаў.

У другой частцы вечарыны адбылося першае ўганараванне медалём імя Сяргея Ханжанкова, аўтарам якога стаў вядомы беларускі скульптар — Гэнік Лойка. Заснаванне гэтай узнагароды было ініцыяванае Рухам Салідарнасці “Разам” два гады таму на пахаванні Сяргея Мікалаевіча.

Сёлета Камітэт па ўзнагароджанні ў складзе 15 сяброў Руху, аднагалосна абраў лаўрэатку — сяброўку Сойма Руху салідарнасці “Разам” Ніну Багінскую за яе нязломныя і прынцыповыя пазіцыю і дзейнасць па адстойванні грамадскіх правоў і свабодаў у Беларусі.

 

Ніна Багінская

Паводле прэс-служба Руху салідарнасці “Разам”

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!