Маршрут памяці: ад Кальварыі да Курапатаў

Кальварыя, Цівалі, Лошыца, Благоўшчына, парк Чалюскінцаў… На месцах масавых расстрэлаў беларусаў сёння ўсклалі кветкі і запалілі знічкі.
Каплічка на месцы расстрэлаў у Парку Чалюскінцаў. Здымак fgb.by

Каплічка на месцы расстрэлаў у Парку Чалюскінцаў. Здымак fgb.by



Рух салідарнасці «Разам» арганізаваў у Мінску ўшанаванне пахаванняў, якія дагэтуль афіцыйна ніяк не азначаныя.  Ні помнікаў, ні памятных шыльдаў. Адзіныя, хто ўзгадвае 29 кастрычніка ахвяраў сталінізму —актывісты, адмыслоўцы і ўсе неабыякавыя да сваёй гісторыі беларусы.  У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКВДысты расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. У гэты дзень беларусы ўзгадваюць ўсіх нявінна закатаваных продкаў.

— Мы вельмі спадзяемся, што ў будучым у каляндары беларускай нацыі на дзяржаўным узроўні  гэта будзе Дзень ахвяраў палітычных рэпрэсій, — адзначыў  грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык. — У ХХ стагоддзі розныя акупанты прыходзілі  на нашу зямлю. І абодва таталітарныя рэжымы, камуністычны і нацысцкі, былі бязлітасныя да беларускай нацыі. Ахвяры нашы да гэтага часу незлічоныя. Ведаем мы вельмі мала. Мы не ведаем агульнай лічбы забітых беларусаў у ХХ стагоддзі. Нам да гэтага часу не дазволена прыйсці ў архівы па камуністычных рэпрэсіях. І нават па людску годна ўшанаваць  памяць ахвяр менавіта камуністычных рэпрэсій.


Маршрут наведвання пачаўся з Кальварыйскіх могілак. Тут, як адзначыў Вячаслаў Сіўчык, хавалі целы людзей, расстраляных у турмах.  Удзельнікі жалобнай акцыі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць  усіх рэпрэсаваных.

Рэжысёр Уладзімір Халіп выказаў даніну павагі пакутнікам Беларусі. Усім, хто загінуў за яе.

— Такіх людзей безліч, — сказаў ён. — Знішчалі тых, хто найбольш выразна пазначаў сваім існаваннем годнасць, гонар і веліч беларускай нацыі. Знішчалі нашчадкаў Вялікага княства Літоўскага, нашай вялікай нацыі, якая нарадзілася ў змаганні за сваю зямлю з тэўтонцамі, у змаганні з усходняй ардой. Усіх тых, хто мог зноў і зноў паўстаць на абарону гэтай зямлі. Для Расійскай імперыі вельмі невыгадна было існаванне беларусаў і Беларусі ўвогуле. Таму яны ўсімі сродкамі, якія толькі былі ў іх, ператваралі гэту зямлю ў правінцыю Расійскай імперыі. Гэта самы звычайны генацыд. Вынішчалася беларуская нацыя.

А Зінаіда Тарасевіч з «Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій» заклікала дамагацца ад уладаў афіцыйнага прызнання  злачынстваў:

— Трэба ўладам прызнаць, што масавыя забойствы, масавыя знішчэні людзей гэта ёсць злачынства супраць чалавечнасці. Гэтыя словы не прагучалі ніколі, нідзе. Нам трэба ўсім аб’яднацца і прымусіць улады прызнаць гэта.


Наступны прыпынак — Цівалі, ля Ракаўскага кірмашу. Паэт Сяргей Законнікаў напісаў аднайменную паэму пра тую трагедыю, якая адбылася падчас палітычных рэпрэсій.

— Мы стаім на месцы таксама вельмі гнюснага злачынства сталінскага рэжыму, — распавёў Сяргей Законнікаў. — Гэта месца, дзе была вёска Цівалі. Многія з беларускіх чыгуначнікаў (гэта было перад вайной) адмаўляліся везці зняволеных на цягніках. Тыя, хто адмовіўся — гэта Ворша, Полацк, Калінкавічы, Гомель — усе буйнейшыя чыгуначныя вузлы, дзе былі спробы супрацьстаяць гэтаму рэжыму. Іх абвінавацілі, што яны сабатажнікі. І за сабатаж, за невыкананне загадаў уладаў іх арыштавалі і потым расстралялі. І каб схаваць сваё злачынства — вось такая подласць — іх закапалі ў могільнік жывёл.

— Нядаўна я для сябе даведаўся пра такі страшны факт, — працягнуў Сяргей Законнікаў. —  Пад Пінскам нкусаўцы для таго, каб не траціць патроны, групу жанчын і дзяцей у 40-м годзе проста задушылі. Рукі ў гэтых дзяцей і жанчын былі звязаны калючым дротам. Я заўсёды ў гэтыя дні кастрычніцкія ўспамінаю свайго роднага дзядзьку, загубленага ў ГУЛАГу. Я таксама на сёння не ведаю, дзе ён пахаваны. Я хацеў бы пакласці кветкі  на магілу гэтаму роднаму чалавеку, беларускаму паэту Сяргею Ракіце — Сяргею Васіллевічу Законнікаву, але не магу гэта зрабіць.


Удзельнікі жалобнага маршрута ўшанавалі памяць людзей, якія былі забіты, і ў Лошыцкім Яры.

—Тут усталяваны крыж, яшчэ да Лукашэнкі. Ён захаваўся, дзякуй Богу. Адзінае, што ўлады паспелі на месцы злачынства паставіць гаражы. Але ж прыйдзе час, калі тут таксама ўсё будзе па-людску”, — лічыць Вячаслаў Сіўчык.

Урочышча Благоўшчына — частка Трасцянца, пра які ведаюць у свеце як месца нацысцкіх злачынстваў.



— Але ж нацысты прыйшлі  ўжо на падрыхтаване месца, — зазначыў Вячаслаў Сіўчык. — Таму што ва ўрочышчы Благоўшчына людзей расстрэльваў НКУС. І абсалютна свядома ўладамі Мінска ў 50-я гады было прынята рашэнне аб будаўніцтве сметніка. І вось якраз любы чалавек, які едзе па Магілёўскай шашы, можа бачыць жахлівы «помнік», якія паставілі ўлады Беларусі ахвярам палітычных рэпрэсій.

У Трасцянцы прадстаўнікамі грамадскасці ўсталяваны крыж ахвярам палітычных рэпрэсій, і крыж ксёндзу Вінцэнту Гандлеўскаму, які загінуў ад рук нацыстаў.

На Вайсковых могілках наведалі пахаванне Янкі Купалы.

— Таму што лічым, што ён таксама ахвяра палітычных рэпрэсій, быў забіты ў Маскве, — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

У парку Чалюскінцаў таксама ёсць народны мемарыяльны знак — крыж. І чалавечыя ахвяры.

— Шмат хто быў расстраляны ў засценках або недзе у невядомых лясах, недзе каля выкапаных наспех ям, -- канстатаваў Уладзімір Халіп. — Пахаванні потым былі зруйнавалі  так, каб ніхто не знайшоў ніякіх слядоў. Дзе пахаваныя ахвяры 29 кастрычніка? Дзе ўсе гэтыя пісьменнікі, вучоныя? Дзе гэтыя цудоўныя людзі, грамадскія дзеячы, якія былі закатаваныя менавіта ў тую жудасную ноч? Мы дакладна не ведаем. Так, напэўна, гэта парк Чалюскінцаў. А можа і не, можа і яшчэ дзе-небудзь.  У парку Чалюскінцаў — так, расстрэльвалі і гэтак жа зараўнялі іх магілы, якія да гэтага часу не знойдзены дакладна, не пазначаны. Што ўвогуле з’яўляецца сорамам для цывілізаваных людзей.


Ад мінулых часоў кінарэжысёр вярнуўся да сучаснасці. На яго думку, «сёння не трэба расслабляцца, не трэба думаць, што мы дамагліся незалежнасці». Як адзначыў Уладзімір Халіп, незалежная Беларусь пакуль існуе на паперы:

— Па-ранейшаму ёсць вялікая пагроза яе знішчэння, яе паглынання гэтым прагным усходнім суседам. Ёсць толькі адна ісціна. Вось гэта наша зямля. Вось гэта безліч магіл, якія тут пакінула Расійская імперыя. Пра гэта ніколі нельга забываць. Трэба рыхтавацца да абароны гэтай зямлі, бо іншай у нас не будзе. І трэба рабіць усё магчымае, каб як мага больш нашых людзей пад гэтыя святыя сцягі. І разумелі, што жыць трэба, баронячы гэту зямлю. Што толькі з гэтай зямлёй ёсць у нас будучыня, ёсць у нас заўтрашні дзень. І ёсць надзея на тое, што нашы дзеці будуць мець годны лёс.  

— Дзякуй вам за тое, што вы тут. Што вы сёння разам з тымі людзьмі, памяць якіх мы шануем, — звярнуўся Уладзімір Халіп да прысутных.

Удзельнікаў «маршрута памяці» суправаджалі асобы ў цывільным, якія здымалі ўсіх на камеры. Спадкаемцы службаў, якія расстрэльвалі  нявінных людзей, працягваюць сваю працу. Пільнуючы любыя намаганні раскрыць праўду пра злачынствы сваіх папярэднікаў.

Фота Алены Талстой


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: