Памёр мужчына, які падпаліў сябе на ганку міліцыі ў Смалявічах

У Рэспубліканскім апёкавым цэнтры памёр 36-гадовы Сяргей Радчэня, які падпаліў сябе каля аддзялення міліцыі ў Смалявічах. Пра смерць Радчэні журналістам «Еўрарадыё» паведамілі яго знаёмыя, якія апекаваліся яго здароўем.

Падчас самападпалу Радчэня атрымаў апёкі 84% цела, у тым ліку і дыхальных шляхоў. Яго забрала хуткая дапамога ў вельмі цяжкім стане, паведамляла Міністэрства здароўя Беларусі.

19 верасня яго перавезлі ў лякарню хуткай медыцынскай дапамогі, у Рэспубліканскі апёкавы цэнтар.

Трагедыя здарылася 18 верасня. Мужчына прыйшоў да аддзялення міліцыі, абліў сябе бензінам і падпаліў.

Перад тым Радчэня ўжо рабіў спробу самагубства, пры якой яго выратавалі. Блізкія Радчэні казалі, што яго ўчынак тлумачыцца асабістымі матывамі.

Раней прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, — 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».

«Некалькі дзён таму мужчына званіў у міліцыю з паведамленнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыццём. Праваахоўнікі выехалі туды і перадухілілі яго дзеянні», — гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратаркі МУС.

Таксама МУС апублікавала відэа здарэння.

Следчы камітэт у сваю чаргу сцвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэнне ў сувязі са схільнасцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленні МУС пра гэта не згадваецца).

Паводле  «Еўрарадыё», «Радыё Свабода»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: