Папа Рымскі прыняў адстаўку Тадэвуша Кандрусевіча

Папа Рымскі Францыск прыняў адстаўку арцыбіскупа Мінскага Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды дасягнення гранiчнага ўзросту. Пра гэта паведамляе штодзённы бюлетэнь прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Кіраўніцтва архідыяцэзіяй пакуль пераходзіць да генеральнага вікарыя Пінскай рымска-каталіцкай епархіі, біскупа Казіміра Велікасельца - ён прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3 студзеня кіраўніку Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвушу Кандрусевічу споўнілася 75 гадоў.

Нагадаем, 24 снежня Тадэвуш Кандрусевіч нарэшце змог вярнуцца ў Беларусь пасля чатырох месяцаў выгнання. У той жа вечар ён правёў святочныя службы напярэдадні Калядаў.

Яшчэ ў выгнанні мітрапаліт напісаў прашэнне аб адстаўцы, спаслаўшыся як раз на будучы юбілей.

Паводле Кодэкса кананічнага права Рымска-каталіцкага касцёла, дыяцэзіяльнаму біскупу, якому споўнілася 75 гадоў, «прапануецца падаць прашэнне аб адстаўцы з пасады вярхоўнаму пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прыме сваё рашэнне».

Што вядома аб часовым чале католікаў Беларусі?

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна.

У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і настаяцеля храма Узвышэння Святога Крыжа ў  Баранавічах.

24 чэрвеня 1999 года ў Пінскім кафедральным саборы ўзведзены ў сан біскупа. Біскупскае пасвячэнне узначальваў кардынал Казімір Свёнтэк.

Гісторыя выгнання Кандрусевіча

Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Кандрусевіч не мог вярнуцца ў краіну каля чатырох месяцаў. Лукашэнка некалькі разоў абвінавачваў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу «для кансультацый» - «як разбураць нашу краіну».

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

У выгнанні мітрапаліт Мінска-Магілёўскі жыў у парафіі Святога Антонія ў польскай Саколцы, якая знаходзіцца прыкладна ў 15 км ад беларускай мяжы. Кіраваў касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч дыстанцыйна.

11 снежня стала вядома, што арцыбіскуп Кандрусевіч напісаў прашэнне аб адстаўцы.

17 снежня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са спецпасланнікам папы рымскага Францыска арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, абмяркоўвалася пытанне вяртання Тадэвуша Кандрусевіча ў краіну.

22 снежня апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заявіў: па інфармацыі дзяржаўных органаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не мае перашкод для вяртання ў краіну.

Пра тое, што пытанне з вяртаннем у Беларусь кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча будзе вырашана, таксама казаў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, адпаведнае даручэнне - знайсці рашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў - даў Аляксандр Лукашэнка.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: