Папярэдні даклад ААН пра інцыдэнт з самалётам «Ryanair» можа быць агучаны ўжо 13 верасня

13 верасня дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO), якая наведвала Беларусь у канцы жніўня, зробіць даклад з папярэднімі высновамі пра інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску. Пра гэта «Радыё Свабода» паведамілі прадстаўнікі ICAO, якая ўваходзіць у структуру ААН.

Чакаецца, што канчатковыя высновы будуць агучаныя ў лістападзе на сесіі Рады ICAO. Што тычыцца прамежкавага дакладу для Рады ICAO, дык яго дэталі могуць агучыць толькі са згоды дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю. Калі такая дамова паміж дзяржавамі будзе, ІСАО мае апублікаваць прэс-рэліз у хуткім часе пасля дакладу, паведамілі прадстаўнікі арганізацыі.

Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі жураналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега, адбылася 23 мая. Улады Беларусі патлумачылі пасадку паведамленнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была бомба. Пасля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.

На пачатку чэрвеня ЕС забараніў палёты ў сваёй паветранай прасторы, а таксама доступ да аэрапортаў ЕС усім беларускіх авіякампаніям. У заяве Еўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэнне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЕС «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленне 23 мая ў Мінску рэйсу "Ryanair", што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку». У высновах таксама асуджалася затрыманне Пратасевіча і Сапегі.​

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) выпусціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: