«Папрасіў вялікую сумку, каб скласці туды 4 тысячы лістоў». Бацька Максіма Знака ўбачыўся з сынам

Аляксандр Знак 7 верасня ўпершыню за год убачыўся з сынам — ён атрымаў спатканне з ім у СІЗА.

Паводле яго слоў, Максім выглядаў добра, быў без кайданкоў, прыгожа апрануты. Супрацоўнікі СІЗА, канваіры паводзілі сябе карэктна, пішуць Naviny.by.

«Размова ў нас быў складаная. Больш за ўсё часу мы прысвяцілі абмеркаванню ўчарашніх падзей [у судзе]. Макс назваў іх спектаклем: "У іх там тэатр". Ён здзіўляўся людзям, якія сядзелі ў зале да прыходу нас, сваякоў. Яны (Максім і Марыя Калеснікава) спрабавалі з імі пазнаёміцца, звярнуць увагу гэтых людзей на сябе, Паглядзець ім у вочы. Але ўсе вочы трымалі долу. Абмяркоўвалі і тэлездымку ў зале суда. Марыя і Максім прапаноўвалі задаваць ім пытанні, але прадстаўнікі дзяржканалаў здымалі моўчкі», — сказаў Знак-старэйшы.

Паводле яго слоў, Максім патлумачыў свой добраахвотны ўдзел у судовым працэсе тым, што цяпер "ніхто не можа абвінаваціць яго ў тым, што ён "саскочыў" — павёў сябе неяк не так». «Ён усё разумее, ацэньвае гэтую справу цвяроза і шукае прычыны такога вялікага тэрміну не ў законах, а ў каштоўных указаннях, якія давалі пэўныя людзі», — падкрэсліў бацька юрыста.

Таксама Максім папрасіў бацьку даслаць яму адзенне для калоніі. «Гэта пэўнае адзенне, якое можна купіць у пэўнай краме. Сказаў, што лепш ехаць са сваім адзеннем, таму што яно зручней за тое, якое выдаюць на месцы. Папрасіў вялікую сумку, каб складаць туды лісты, якіх у яго ўжо каля 4 тысяч, а то і болей. Лісты гэтыя трэба сабраць, здаць на склад, каб потым сваякі маглі іх забраць», — сказаў Знак-старэйшы.

Цікавіўся Максім, колькі яго апавяданняў трапіла на волю. «Я сказаў, восем, а ён адказаў, што ў яго засталося яшчэ дзевяноста два. Як іх атрымаецца перадаць, пакуль незразумела», — адзначыў бацька.

У канцы сустрэчы бацька распавёў Максіму пра яго сястру Марыю, якая нарадзілася, калі ён ужо знаходзіўся ў зняволенні. «Распавёў, што яна вельмі падобная да Максіма ў дзяцінстве сваімі паводзінамі і мэтанакіраванасцю», — дадаў ён.

Аляксандр Знак таксама звярнуўся да ўсіх, хто цяпер падтрымлівае сваякоў затрыманых за пратэсты: «Не пішыце ў каментарах, што ўсё будзе добра і яны не адседзяць увесь тэрмін. Пакуль няма ніякіх падстаў так гаварыць, а на сваяках гэта не вельмі добра адбіваецца. Калі гэта адбудзецца, то вы зможаце пра гэта пісаць. А цяпер вы ўсяляеце ў нашы сэрцы пустую надзею. Не трэба так гаварыць».

Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку 6 верасня вынеслі прысуд: 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму і 10 гадоў узмоцненага адпаведна. Прысуд не ўступіў у законную сілу. Адвакаты маюць намер яго абскардзіць.

Справу каардынатаркі штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыі Калеснікавай і юрыста штаба Максіма Знака суд разгледзеў за месяц: першае пасяджэнне прайшло 4 жніўня. Працэс вёў суддзя Сяргей Епіхаў.

Калеснікаву і Знака абвінавацілі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

Марыю ўзялі пад варту 8 верасня 2020-га. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Мінска і спрабавалі вывезці з краіны, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы яна парвала пашпарт. 9 верасня затрымалі Максіма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: