Навошта быў патрэбны публічны разгром сілавікоў?

Гістарычная, як яе назваў Аляксандр Лукашэнка, нарада кіраўніка дзяржавы і праваахоўнікаў насамрэч апынулася чарговай банальнасцю. Усё сказанае правадыром добра вядомае і звычайным грамадзянам, і тым самым сілавікам, якія ўважліва слухалі ды занатоўвалі кожнае слоўца свайго лідара. Дык нашто ж тады гэты публічны разгром?

«Мы сабраліся не для таго, каб адсправаздачыцца адзін перад адным, а я — сказаць прыгожыя словы перад грамадскасцю. Нас будуць вінаваціць, што выбары ды іншае. Справа абсалютна не ў выбарах», — абвясціў Лукашэнка. «Тыя, хто паспяшаў тут убачыць нейкую піяр-кампанію, проста недаацэньваюць сітуацыю і не ведаюць нашага кіраўніка», — падтрымала яго верная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант. Але, як вядома, хто куры краў, у таго і рукі трасуцца. Менавіта для гэтага — для піяру перад новай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй — і прымусілі трэсціся на камеры сівыя ды не вельмі галовы праваахоўнікаў.

Калі хто не згодны, дык можна паразважаць ад адваротнага: для чаго іншага магла быць задуманая гэта нарада? Напрыклад, каб аднавіць справядлівасць. Але ж не, гэты варыянт адкідваем адразу: ва ўладзе сядзяць не настолькі высакародныя асобы, што будуць перажываць з-за нейкай там справядлівасці ды, крый Божа, шукаць непатрэбную ім праўду. Дый нарадаў для гэтага праводзіць не трэба — у кіраўніка дзяржавы і цяпер ёсць усе інструменты, каб навесці парадак, — было б жаданне. Быццам бы не ён прызначае і здымае з пасадаў суддзяў, генпракурора, старшыню Следчага камітэта ды іншых прадстаўнікоў дзяржэліты.


Наступны варыянт: пакараць ахамелых сілавікоў. Хацелася б, але малаверагодна. І так некаторыя з іх глядзяць у бок Расіі, ды з радасцю перабягуць на варожы бок пры першай жа магчымасці. Так што асабліва тут не прыціснеш, не ведаючы, наколькі верныя людзі табе служаць. Яшчэ з варыянтаў — знізіць градус напалу ў грамадстве. Але траціна грамадства зараз корпаецца ў градах, другая траціна тусіць па турцыях і зыбіцкіх, а трэцяй наогул не да таго — марнее ў працы, вымушаная выжываць на кінутыя ўладамі капейчыны. Ні справа галоўнага інжынера МЗКЦ Галавача, якая часткова і была нагодай для гэтай нарады, ні іншыя фальсіфікаваныя справы не сталі б прычынай народных пратэстаў. Дый для зніжэння градуса напалу ёсць стары правераны метад, які шматразова паказваў сваю эфектыўнасць, — дубінкі, кайданкі, а самыя гарачыя галовы можна астудзіць і вадамётамі.

Што нам застаецца? Ён самы — піяр, папулізм. «Хлеба і відовішчаў». З хлебам жнівень, падаецца, не падвёў, дый у відовішчах у нас недахопу няма. Папулісты заўжды будуюць свае выступы вакол вострых сацыяльных праблемаў. На нарадзе Лукашэнка акрэсліў многія з іх: следчыя фальсіфікуюць справы, на суддзяў ціснуць для вынясення патрэбных прысудаў, сілавікі часта неабгрунтавана жорстка дзейнічаюць у дачыненні затрыманых, праваахоўнікі кіруюцца не пошукам справядлівасці, а максімальнымі паказчыкамі па раскрывальнасці справаў — і няважна, якім коштам гэта даецца.

Але нам пра гэта паўтараць не трэба. Маці падлеткаў, асуджаных на дзясяткі гадоў па наркатычных артыкулах, гадамі гавораць тыя рэчы, якімі Лукашэнка зараз публічна абураецца, — карыстальнікаў і дробных распаўсюднікаў арыштоўваюць, а буйныя каналы наркатрафіку дагэтуль не перакрытыя. Несправядліва засуджаныя адпраўляюць таўшчэзныя лісты з доказамі сваёй невінаватасці ва ўсе магчымыя інстанцыі — у Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, куды падобныя лісты ідуць несупыннай плынню, не маглі пра гэта не ведаць.

На «гістарычнай нарадзе» Лукашэнка абурыўся, што яго проста інфармуюць пра сваволле праваахоўнікаў, а меры ўздзеяння не прымаюцца. Мы, беларускія грамадзяне, патрабуем таго ж: мы не хочам чарговым разам слухаць «ва ўсім разбярэмся», «усіх пакараем». Мы хочам ведаць імя следчага, які ціснуў на суддзю па справе Галавача, імя вінаватага ў нападзе АМАПа на мінскага педыятра Сераду на вачах яго двухгадовай дачкі і цяжарнай жонкі. І нам патрэбныя не проста імёны — а справядлівае пакаранне для іх.

Прыгожыя словы казаць нескладана, а вось навесці парадак у выбудаванай Лукашэнкам сістэме — амаль неверагодна. У сістэме, якая грунтуецца на гвалце, сіле, падпарадкаванні, няма месца такім пераменным, як пакаянне і прабачэнне. Найлепшы вынік, які можа даць гэтая нарада, — гэта пара-тройка паказных справаў са звальненнем і публічным шальмаваннем праваахоўнікаў за дробныя фальсіфікацыі.

Шкада толькі тых сотняў і тысячаў, хто калісьці патрапіў пад прэс сілавікоў і цяпер займеў марныя спадзяванні на справядлівасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!