Параду быць? Карона не ўпадзе!

"Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч", — заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння падчас нарады ў Палацы незалежнасці. 
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


"Трэба памятаць, што тыя людзі (удзельнікі вайны. — заўв. БЕЛТА) паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спалохаліся", — цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны Узброеных Сіл.
"Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі — старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба", — сказаў Лукашэнка.

"Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разбрыдуцца па норах. І наогул, Беларусь — гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, перанос усіх масавых мерапрыемстваў з'яўляўся адной з умовай атрымання Беларусю 60 мільёнаў еўра дапамогі на барацьбу з каронавірусам ад Еўрасаюўза. Еўрапа хоча, каб у нашай краіне выконваліся рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя, сярод якіх таксама стварэнне ўмоваў для дыстанцыйнай працы і навучання; спыненне дзейнасці неабавязковых арганізацый і прадпрыемстваў ды забяспечанне ізаляцыі і лячэння пацыентаў з COVID-19 ды тых, хто з імі кантактаваў.

Грошы ад Еўрасаюза мусілі пайсці на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад, набыццё аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэспіратараў, а таксама на трансгранічныя праекты.

Па стане на 3 траўня, паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя зарэгістравана 16 705 (+877) станоўчых тэстаў на COVID-19. Выздаравелі і выпісаныя — 3 196 (+79) пацыентаў. Памёрлі 99 (+2) чалавек.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: