Партал TUT.BY абскардзіў рашэнне суда аб пазбаўленні яго статусу СМІ

Партал TUT.BY падаў скаргу на судовае рашэнне аб пазбаўленні яго статусу сеткавага выдання, не выключана, што яе разгледзяць яшчэ ў бягучым годзе.


«Мы абскардзілі вынесенае рашэнне эканамічнага суда Мінска. Скарга ў апеляцыйную інстанцыю суда выкладзеная на пяці лістах», — паведаміла агенцтву Інтэрфакс-Захад генеральны дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тут Бай медыя» Людміла Чэкіна.

У скарзе пазначана ,што з пункту гледжання партала, «судом было дапушчана няправільнае прымяненне нормаў матэрыяльнага і працэсуальнага права». «Таксама мы лічым, што ў рашэнні суда дапушчаная недаказанасць абставінаў, якія маюць значэнне для справы. У скарзе мы паказваем, што былі парушаныя прынцыпы абмежавання волі атрымання і распаўсюджвання інфармацыі, прадугледжаныя Канстытуцыяй», — дадала Чэкіна.

Яна не выключыла таго, што суд можа разгледзець скаргу яшчэ ў гэтым годзе.

Як паведамлялася, у канцы верасня Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання TUT.BY, з-за чаго партал мог пазбавіцца статусу СМІ.

Падставай сталі раней вынесеныя папярэджанні Мінінфарма. Ведамства выказвала прэтэнзіі з нагоды матэрыялаў аб правядзенні выбараў, дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і справы, заведзенай на дачку аднаго з рэдактараў партала.

У лістападзе судовая калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда прызнала несапраўдным адно з трох папярэджанняў Мінінфарма, астатнія папярэджанні і юрыдычныя наступствы пазбаўлення статусу СМІ засталіся ў сіле.

3 снежня Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал статусу СМІ.

Сеткавае выданне TUT.BY зарэгістравана ў студзені 2019 года, да гэтага з моманту заснавання ў 2000 годзе партал працаваў без статусу СМІ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: