Партыя КХП-БНФ ушанавала памяць слуцкіх барацьбітоў за незалежнасць

Бел-чырвона-белыя сцягі залуналі 25 лістапада ў Слуцкім гарадскім парку. Сябры КХП-БНФ і іх прыхільнікі завяршылі ў Слуцку ўшанаванне памяці Слуцкага Збройнага чыну традыцыйным мітынгам. Перад гэтым яны ў суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ наведалі Грозаў, Семежава і Вызну.

Каля 60 чалавек уважліва слухалі выступы кіраўнікоў партыі. Сучасная складаная эканамічная і знешнепалітычная сітуацыя, барацьба за Незалежнасць краіны і мужнасць слуцкіх герояў у дваццатыя гады, неабходнасць вяртання гістарычнай памяці — гэтыя і іншыя тэмы былі закрануты амаль ва ўсіх прамовах.


Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі і заклікаў да салідарнасці ў адстойванні беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

— Калі мы і надалей будзем ісці ў рэчышчы вялікадзяржаўнай імперскай палітыкі чужой дзяржавы — страцім Незалежнасць, а нашы дзеці і ўнукі будуць адбываць воінскі абавязак не ў Беларусі, а гінуць на Данбасе альбо ў Сірыі, — заявіў намеснік старшыні партыі. — Далёка хадзіць не трэба, бо такая сітуацыя мае месца ў Крыме пасля далучэння яго да Расіі.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я, каля 20 случчакоў прыйшлі паслухаць выступоўцаў.
Сярод іх быў мужчына пенсійнага ўзросту, якога раней ніхто не бачыў на падобных мерапрыемствах. Высветлілася, што Леанід Наркевіч — сваяк вядомага камандзіра 2-га батальёна 1-га Слуцкага палка Антона Сокала-Кутылоўскага, які 2 снежня 1920 года быў назначаны камандзірам 1-й Слуцкай брыгады. Пасля разгрому збярог архіў і сцяг Першага Слуцкага палка. Быў рэпрэсаваны, перанёс шмат пакут.
Леанід Уладзіміравіч распавёў, што Антон Сокал-Кутылоўскі прыходзіўся яму братам дзеда па мацярынскай лініі.

Я вырас на савецкай ідэалогіі і лічыў, што ўсе паўстанцы супраць бальшавікоў — гэта ворагі народа, — гаворыць мужчына. — Пра сваё сваяцтва з Антонам даведаўся выпадкова падчас збору подпісаў за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Чамусьці мяне гэта тэма зачапіла, успомніў, што прозвішча маёй маці была Кутылоўская і яна цьмяна нешта гаварыла пра паўстанне. Знайшоў праз інтэрнэт унука Антона Сокал-Кутылоўскага, які жыве ў Екацярынбурзе. Высветлілася, што ў нас агульныя карані і знакаміты родзіч.

Антон Сокал-Кутылоўскі

Раней Леанід Уладзіміравіч насцярожана ставіўся да бел-чырвона-белых сцягоў, цяпер жа, па яго прызнанню, яго цягне як магнітам да гэтых колераў.

Я зразумеў, што ўдзельнікі Слуцкага Збройнага чыну баранілі сваю Радзіму — вялікую і малую. Схіляюся перад іх мужнасцю і лічу, што ў Слуцку абавязкова павінен стаяць помнік абаронцам Незалежнасці, — выказаў думку сваяк змагара за незалежную Случчыну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-11-27 14:14:53
Шкада,не змог прыйсци на мерапрыемства па стану здароўя.Вось як бывае,не ведаў чалавек пра свайго знакамітага дзядзьку амаль да гэтая пары.А колькі яшчэ невядомых старонак гісторыі не ведае наша грамадства.