Пасля акцыі салідарнасці з Опернага звольнілі дырыжора, першую скрыпку аркестру, скрыпачку і альтыстку

«Беларускі фонд культурнай салідарнасьці» паведамляе пра звальненьне 4 супрацоўнікаў Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі, піша Свабода.

Паводле інфармацыі фонду, з Опернага тэатру звольнілі дырыжора тэатру, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і ўладальніка мэдаля Францішка Скарыны Андрэя Галанава і першую скрыпку аркестру Рэгіну Саркісаву. Раней яны падпісалі зварот культурных дзеячоў з нагоды ўльтыматуму.

Таксама звольнілі скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну, якія ўчора перад пачаткам спектакля выказаліся супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі.

Паводле апошняй інфармацыі, у спіс на звальненьне разам з дырыжорам Андрэем Галанавым таксама ўключаны вядучы саліст Вялікага тэатру Беларусі, ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў Ілля Сільчукоў.

27 кастрычніка ў Оперным тэатры прайшла незвычайная акцыя салідарнасці: паьля трэцяга званка, перад пачаткам спектакля, калі ў залі згасла святло, аркестар тэатру ўстаў і пачаў гаварыць:

«У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконьне і несправядлівасць, мы ня можам маўчаць. Мы не разумеем, як мы можам граць, спяваць, танцаваць, калі ў гэты час нашых знаёмых, блізкіх збіваюць, затрымліваюць і страляюць...»

Нехта ў залі сказаў «Устаньце, людзі, устаньце!», заля выбухнула апладысментамі і пачала скандаваць «Жыве Беларусь!», а гледачы, у ліку якіх былі і прафесіяналы, заспявалі «Магутны Божа».

28 кастрычніка Вялікі тэатар оперы і балету Беларусі паведаміў пра адмену ўсіх спектакляў і канцэртаў у малой залі з 29 кастрычніка па 20 лістапада «ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: