«Пасля растрэлу любімага ката на маіх вачах не сплю другі месяц!»

Двухгадовы кот Сняжок, любімец сям’і Зыкавых, быў забіты з пнеўматычнага ружжа ва ўласным двары на вачах у гаспадыні Ніны Аксеневіч 2 кастрычніка 2019 года.

Кот Сняжок

Кот Сняжок

Мікалай Зыкаў атрымаў на пачатку лістапада адказ з Слуцкага РАУС, што віноўнік растрэлу яго ката не знойдзены.

— Каток быў надта прывязаны да мяне, звычайна сядзеў непадалёку, калі я палола што-небудзь на градках. У гэты дзень ён сядзеў на даху прыбудовы і наглядаў за наваколлем побач са мной. Раптам хтосьці выстраліў у яго з пнеўматычнай вінтоўкі, — распавядае Ніна Аксеневіч. — Стралок быў вопытны, кот памёр адразу. Мой муж быў у хаце, пачуў стрэл і выбег на ганак. Убачыў, што кот куляй паляцеў з даха. Крышку прабег — метраў 5, лёг пад куст. 

— Я крыкнуў: «Што вы робіце?» Нікога не ўбачыў, — працягвае расповед Мікалай Зыкаў. — Падбег да ката. Ён быў ужо мёртвы, а на яго скуры віднелася адтуліна. Згодна з актам ускрыцця, смерць жывёлы наступіла ад унутранага кровазліцця ў грудзіну.

Страха, на якой сядзеў Сняжок

Страха, на якой сядзеў Сняжок

Па словах мужчыны, кот нікому не перашкаджаў, не быў шкоднікам, суседзі не скардзіліся на яго. Усяго два месяцы пражыў у прыватным сектары. Нявестка перадала яго з сваёй гарадской кватэры, бо толькі што нарадзіла дзіця. Прасіла, каб паглядзелі, пакуль дзіцяці споўніцца год. Каток і на вуліцу з дому не вельмі часта выходзіў — прывык жыць у кватэры. Ласкавы, разумны, добра разумеў сваіх гаспадароў. А тыя ставіліся да яго, як да члена сям’і і нават лепей. Не скупіліся на смачны пачастунак, а Сняжок аддзячваў ім сваімі разумнымі паводзінамі і ласкай. Для 60-гадовага Мікалая Зыкава і яго жонкі гібель любімага ката — сурёзная псіхалагічная траўма, ад якой яны не могуць аправіцца працяглы час.

— Не сплю другі месяц, перажываю, у мяне моцны стрэс, не спадае высокі ціск, — вочы жанчыны становяцца вільготнымі. — Нявестка яго падабрала маленькім, выкарміла з соскі. У яе з мужам таксама стрэс, моцна перажываюць. Яны плацілі грошы за стэрэлізацыю жывёлы, нямала патрацілі сродкаў на ўтрыманне катка, ежу, туалет, лячэнне, калі ён хварэў. Пасля забойства заплацілі за ўскрыццё. Можа, каму і смешныя нашыя перажыванні, але для нас яны самыя сапраўдныя, бо наш улюбёнец быў членам сям’і, — са смуткам кажа Ніна Аксеневіч.

У гаспадара ката былі падазрэнні наконт магчымага забойцы, бо менавіта з боку яго ўчастка быў зроблены стрэл. Сваімі падазрэннямі ён падзяліўся з супрацоўнікамі Слуцкага РАУС: па факту забойства ката звярнуўся ў міліцыю, прасіў узбудзіць крымінальную справу. У пачатку лістапада атрымаў адказ з Слуцкага РАУС аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з прычыны “отсуствия состава уголовно-наказуемого деяния”, паколькі не ўдалося выявіць ні падазронай асобы, вінаватай у стрэле, ні матываў, а таксама ніводнага
сведкі. У дзеяннях неўстаноўленай асобы ўчастковы інспектар угледзеў прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 15.45 КаАП (жорсткае абыходжанне з жывёламі). Артыкул 339-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць у выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ на тэрмін да аднаго года, або арышту за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яго гібель або калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых ці іншых памкненняў. Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае толькі штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Гаспадыня растралянага ката лічыць, што пакаранне за смерць і здзекі над жывёламі павінна быць больш жорсткім.

— Калі чалавек будзе ведаць, што яго могуць пасадзіць у турму за забойства ката ці сабакі, то, магчыма, ён не будзе гэтага рабіць, — гаворыць жанчына. — Я хачу, каб такія забойцы і садзісты сядзелі некалькі гадоў у турмах. Каб яны не спалі гэтак жа, як я. Да таго ж, калі такі садзіст атрымае судзімасць, у яго могуць з’явіцца жыццёвыя праблемы пасля зняволення ў турме, з працаўладкаваннем, напрыклад.

Яе муж, Мікалай Зыкаў, глядзіць на гэтую праблему больш шырока.

— У краіне даўно запатрабавана гуманізацыя грамадства, запатрабаваны адмысловыя законы супраць любога гвалту, бо нават адносіны да людзей досыць жорсткія, — выказвае сваю думку мужчына. — Лічу, што часткова ў гэтым вінавата і кіраўніцтва краіны. Адносіны да людзей на прадпрыемствах, у міліцыі пераносяцца на адносіны да жывёл. Усё гэта ідзе з часоў савецкай улады, калі ўспомніць словы таго ж Сталіна: «Перастраляць, як шалёных сабак!» Людзі занадта нервовыя, перагружаныя дурнымі патрабаваннямі — да прыкладу, настаўнікі. Фільмы, якія паказваюць па тэлебачанню, розныя расійскія прапагандысцкія перадачы кшталту «Время покажет», дзе ўсе крычаць, зневажаюць адзін аднаго і ледзве не б’юцца, узбуджаюць толькі прымітыўныя інстынкты.

Мікалай Зыкаў лічыць, што рэфармаваць трэба не толькі грамадства, трэба рэфармаваць і ўладу, якая рознымі непрадуманымі законамі прыніжае чалавечую годнасць. І трэба рабіць крокі па гэтаму
шляху як мага хутчэй. На Захадзе, на яго погляд, існуюць больш моцныя законы і ў адносінах да жорсткага абыходжання з жывёламі. Там каты і сабакі ледзве не члены грамадства. У некаторых жа беларусаў існуюць
толькі спажывецкія адносіны да жывёл. Да прыкладу, сабака не брэша — павесіць яго! Кот залішне мяўкае, альбо не ловіць мышэй — гэтак жа падвесіць альбо ўтапіць!

Таксама мужчына выказаў думку, што ў краіне існуе і праблема выкарыстання пнеўматычнай зброі супраць жывёл у населеных пунктах. Па заканадаўству страляць можно толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, але
гэта звычайна не працуе. Адсутнічае кантроль за выкарыстаннем такой зброі. 

— Чаму б не прыняць закон аб рэгістрацыі продажу пнеўматычнай зброі, каб была база дадзеных яе ўладальнікаў? Гэта можа знізіць паказчыкі забойстваў і калецтва жывёл. Узмацніць адказнасць для тых, хто страляе па жывёлах, да 2 гадоў зняволення, — выказвае свой погляд на праблему Мікалай Цімафеевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!