Пасля сыходу Тадэвуша Кандрусевіча беларускі касцёл узначаліў 52-гадовы Юзэф Станеўскі

Прызначаны новы арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ім стаў Юзэф Станеўскі, які з'яўляецца дапаможным біскупам Гродзенскай епархіі, паведамляе «Хрысціянская візія» са спасылкай на прэс-службу Ватыкана.

Пасля адстаўкі 3 студзеня арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту часовым Апостальскім адміністратарам з'яўляўся біскуп Казімір Велікаселец.

Юзэф Станеўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў вёсцы Занявічы пад Гроднам, вучыўся ў вайскова-тэхнічнай акадэміі, у Гродзенскай духоўнай семінарыі, у Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права, абараніўшы працу на тэму «Працэсуальныя правы бакоў у выпадку анулявання шлюбу». Пасвечаны ў святары ў 1995 годзе. З 2005 года з'яўляўся рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў кс. Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з тытулам дыяцэзіі Tabaicara, біскупскае пасвячэнне ён атрымаў 1 лютага 2014 года. З чэрвеня 2015 года — Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

13 жніўня 2020 года ў сваім блогу біскуп Юзэф Станеўскі параўнаў тое, што адбываецца ў Беларусі з братазабойствам Каінам Авеля: «Што МЫ робім з сынамі і дочкамі нашай Маці-Беларусі?» Ён таксама заклікаў «перагарнуць гэтую старонку»: «Дараваць? Так!!! Як? Паводле вучэння Ісуса Хрыста і па яго прыкладзе».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: