«Пасля такога трэба звяртацца да псіхолага». У Гродна азотаўцы спрабуюць аднавіцца на працы праз суд

Трынаццаць звольненых супрацоўнікаў буйнога хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» паспрабавалі вярнуцца на працу праз суд. Грамадзянскую справу пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёну Гродна 11 студзеня.

Некалькі дзясяткаў работнікаў «Гродна Азоту» звольнілі за прагулы пасля таго, як яны далучыліся да страйку 26 кастрычніка. Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў «Гродна Азоту» падаў пазоў у суд, каб аднавіць некаторых на працы. Сярод іх — Дзмітрый Барабан, Артур Богуш, Юрый Борыс, Вадзім Венскі, Аляксей Дарагі, Уладзімір Жураўка, Дзмітрый Клыкаў, Яўгенія Кузікевіч, Андрэй Пагерыла, Міхаіл Рачынскі, Аляксей Сідар, Яўген Хмялеўскі, Сяргей Шэлест.

Галоўная прычына пазову, паводле прадстаўніка незалежнага прафсаюзу, — людзей звольнілі без папярэдняй згоды незалежнага прафсаюзу, да таго ж некаторыя былі ў момант звальнення на бальнічным.

Прадстаўнікі «Гродна Азоту» заявілі, што паводле калектыўнай дамовы няма неабходнасці ўзгадняць звалненьні з незалежным прафсаюзам.

Юрый Борыс адзначыў, што ўжо знайшоў працу і аднаўляцца на «Азоце» не плануе.

«Мне пагражалі. Людзей білі. Мне было страшна. Я як дарослы чалавек не магу сябе так прыніжаць. Я хаджу на прадпрыемства, зарабляю для яго грошы», — патлумачыў Борыс сваё рашэнне перастаць хадзіць на працу пасля затрыманняў азотаўцаў-страйкоўцаў 26 кастрычніка.

Вадзім Венскі так і не зразумеў, за што яго звольнілі. «Я б хацеў ведаць, што сказаць дзецям», — адзначыў ён.

Венскі заявіў, што баяўся ісці пасля працы дахаты 26 кастрычніка, бо побач з прадпрыемствам стаяла вайсковая машына, а ранкам амапаўцы жорстка затрымлівалі калег.

Аляксей Дарагі расказаў, што 26 кастрычніка завёз жонку на працу і заехаў пад прахадную «Азота» зняць грошы з банкамата, ён тады меў выходны.

«Я не разумею, якую шкоду я прынёс, што незаконнага зрабіў. Столькі гадоў працаваў без адзінай заўвагі, прыйшоў на працу, а пропуск не працуе», — кажа Дарагі.

Яўгенія Кузікевіч расказала, што далучылася да страйку і не хадзіла на працу, бо адчувала сябе ў небяспецы. 26 кастрычніка яе з хворай нагой затрымаў АМАП. «Гэта жах, цяжка апісаць. Пасля такога трэба да псіхолага звяртацца... Каго прадстаўляюць гэтыя людзі ў форме і бронекамізэльках, што кажуць мне працаваць?», — кажа Кузікевіч.

Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест адседзелі па 10 сутак за тое, што ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг на тэлевышцы ў канцы верасня. Яны здзівіліся, што час у ізалятары прыраўнялі да прагулаў толькі праз месяц. Цэлы месяц іх «суткі» не перашкаджалі ім працаваць.

Аляксей Сідар расказаў, што прыйшоў на працу 28 кастрычніка і ўбачыў загазаванасць на працоўным месцы. Папрасіў у начальства зрабіць нармальныя ўмовы для працы, падкрэсліў, што ён не адмаўляўся працаваць, але адмаўляўся прыступаць да працы ў такіх умовах. Яго звольнілі за прагул.

Справу разглядае суддзя Сяргей Слашчоў. Наступнае паседжаньне адбудзецца 18 студзеня.

Паводле «Свабоды» і 

БелаПАН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: