Пасля затрымання і ночы ў выцвярэзніку гродзенцу ампутавалі частку нагі

Шматдзетны бацька з Гродна Дзяніс Лук’янаў апынуўся ў бальніцы пасля канфлікту з міліцыяй на аўтамабільным фестывалі SunDay, піша «Еўрарадыё».

Як распавяла Еўрарадыё Дар’я, стрыечная сястра Дзяніса, пасля фэсту 36-гадовага мужчыну затрымаў АМАП. Мужчына быў крыху нападпітку, таму яго вырашылі даставіць у РАУС. А па дарозе, па словах Дар’і, Дзяніса завезлі ў лес, дзе “патрэніраваліся на ім у валоданні спецпрыёмамі”.

Па дарозе ў РАУС машыну спынілі каля лесу. Дзяніса вывелі з машыны і адвялі крыху ўглыб, за дрэвы. А там раптоўна пачалася карусель: адзін за адным амапаўцы пачалі адпрацоўваць сваё прыёмы, пры гэтым яшчэ цешыліся і хваліліся адзін перад адным, маўляў, глядзі, як я магу! Працягвалася гэта некалькі дзясяткаў хвілін. Тое, што збівалі прафесіяналы, дакладна зразумела, бо не засталося ніводнага заўважнага сіняка ці гематомы.

Брата пасля перадалі нараду з участковым Сяргеем Карпуком, які дакладна ведаў, што там адбывалася. Калі ж мы паспрабавалі звязацца з ім, то аказалася, што ён пайшоў у адпачынак і выйсці на яго немагчыма”.

Праз некалькі тыдняў Дзяніса шпіталізавалі — у яго пачаўся некроз цягліц на назе. Лекары правялі шэсць аперацый, мужчыну ампутавалі частку нагі. Цяпер інфекцыя падбіраецца да ўнутраных органаў, і невядома, ці выжыве Дзяніс увогуле, кажа Дар’я.

Ён вырашыў пачакаць, пакуль боль пройдзе сам

20 ліпеня ў Гродне праходзіў традыцыйны аўтамабільны фэст SunDay. Туды прыехаў і аўтаслесар Дзяніс Лук’янаў. Машыны — яго вялікае захапленне, таму ён не мог прапусціць аўтамабільны фэст.

На SunDay Дзяніс прыехаў разам з сябрам і ягонай дзяўчынай. Мужчыны крыху падвыпілі. Супрацоўнікі АМАПа, якія дзяжурылі на фестывальнай пляцоўцы, затрымалі Дзяніса за знаходжанне нападпітку ў грамадскім месцы.

У РАУС на Дзяніса склалі пратакол па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса і выпісалі мінімальны штраф — 0,2 базавай велічыні, то-бок 5 рублёў 10 капеек. Пасля яго адправілі ў выцвярэзнік, дзе мужчына правёў ноч.

Дзяніс выйшаў на працу. У яго моцна балелі ногі, але нейкіх бачных пашкоджанняў не было. Таму, расказвае Дар’я, ён вырашыў пачакаць, пакуль боль пройдзе сам, і не стаў заяўляць пра збіццё. Праз тры дні на ягадзіцах пачалі з’яўляцца гематомы. Мужчына вырашыў, што і гэта пройдзе, і проста адлёжваўся дома.

Але выпадак аказаўся нашмат больш сур’ёзным, чым ён думаў. Праз два тыдні пачалося адміранне цягліц. Дзяніса паклалі ў лякарню.

Хадзіць нармальна Дзяніс ужо дакладна не зможа

Стан мужчыны хутка пагаршаўся. Па словах Дар’і, за два тыдні ў шпіталі яму правялі шэсць аперацый і ампутавалі частку левай ягадзіцы, але некроз не скончыўся. Медыкі кажуць, што пашкоджанні, якія атрымаў Дзяніс, характэрныя хіба што для ДТЗ на вялікай хуткасці, калі чалавеку пераціскае ногі і доўгі час яго не могуць выцягнуць з машыны.

Дзяніс разам са сваімі дзецьмі

У Дзяніса не толькі пачалі фактычна адыходзіць ад костак і загніваць цягліцы. З-за гэтых працэсаў з’явілася інфекцыя, якая распаўсюджваецца ўсё вышэй па целе. Зараз дактары не даюць аніякіх прагнозаў і амаль што кожны дзень збіраюць кансіліумы, — распавядае Дар’я. — Зараз калі і атрымаецца ўратаваць увогуле нагу, то хадзіць нармальна Дзяніс ужо дакладна не зможа. Яшчэ больш страшна тое, што інфекцыя ўжо пайшла вышэй за пояс і вось-вось можа закрануць кішэчнік і страўнік, адкуль ужо хутка распаўсюдзіцца на ўвесь арганізм. А значыцца, брат можа памерці”.

Жанчына, якая працуе юрыстам, ужо падрыхтавала заявы ў пракуратуру, Следчы камітэт і Службу ўласнай бяспекі МУС.

У прэс-службе гродзенскай міліцыі журналісту Еўрарадыё адказалі, што пра сітуацыю яны не ведаюць, і паабяцалі даць каментарый у панядзелак.

Дар’я не разумее, як яе брат мог трапіць у такую гісторыю:

“Не веру, каб ён там мог камусьці нешта сказаць ці нахаміць. У яго і сям’я з трыма дзецьмі, і ў жыцці ён ніколі слова дрэннага не скажа. Так, быў нападпітку, але ён адносіцца да тых людзей, якія як вып’юць, дык ніколі не праяўляюць агрэсіі. Нават наадварот — ён становіцца ціхі, спакойны, усіх любіць і ўсё такое”.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!