Пасол Швецыі: У Беларусі ёсць, што паглядзець, але знаходзьце тое, чым вы ўнікальныя

Падчас медыясняданка ў мінскім «Прэс-клубе» пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан распавяла пра двухбаковыя адносіны нашых краін, свае любімыя месцы ў Беларусі, а таксама анансавала мерапрыемствы сёлетніх Тыдня і Дня Швецыі ў Мінску і не толькі.


Швітнес-фітнес, экадворык і спаборніцтвы аператараў дарожнай тэхнікі

Летась Дзень Швецыі наведала больш за 60 тысяч чалавек. Свята палюбілася мінчукам, таму сёлета яго арганізатары – Пасольства Швецыі ў Мінску і Мінгарвыканкам – пастараюцца пашырыць яго і зрабіць яшчэ больш прывабным для наведвальнікаў.


Чытайце таксама: Сморэброд, Jay-Jay і Фіндус. Дзень Швецыі ў МІнску (фота, відэа)
Як распавяла Пасол Швецыі Крысціна Юханесан, сёлета Дзень Швецыі пройдзе ў суботу, 1 чэрвеня, у Верхнім горадзе а папярэднічаць яму будзе цэлы Тыдзень Швецыі з кінапаказамі, прэзентацыямі кніг, спартыўнымі мерапрыемствамі па скандынаўскай хадзьбе і многім іншым.

Галоўным музычным госцем Дня Швецыі ў Мінску стане пераможца «Еўрабачання – 2012» Ларын (Loreen). Перад ёй выступіць беларускі гурт, але яго назву пакуль не разгалошваюць.

Сёлетняя праграма Дня Швецыі будзе адрознівацца тым, што збярэ больш шведскіх артыстаў на сцэне. Сярод іх – шведскі хор «Чорнае на белым», упершыню ў Беларусь дзякуючы парталу ru.sweden.se прыедзе папулярны выканаўца рамантычных балад Енс Лекман. Таксама вядомыя шведскія песні будзе выконваць беларускі кавербэнд Пятра Клюева.

Сёлета свята стане наколькі гэта магчыма інклюзіўным, на ім будзе створана безбар’ернае асяроддзе. Паколькі 1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей, дзіцячая пляцоўка парадуе маленькіх наведвальнікаў яшчэ большай, чым летась, разнастайнасцю і шматлікімі цікавосткамі. Дзяцей будуць забаўляць беларускія і шведскія бальнічныя клоўны.

Упершыню на свяце сёлета ўладкуюць экадворык, дзе пакажцуць экадружалюбны лад жыцця і канцэпцыю «0 адходаў». Там будуць працаваць інклюзіўныя барыста, пройдзе майстар-клас па сартаванні смецця. Апроч гэтага, выступіць эка-тэатр, якім шведы вельмі ганарацца. Ён паставіў спектакль «Нясмеццевая гісторыя», які ўжо паказвалі ў Мінску і рэгіёнах.

Відовішчнымі абяцаюць стаць міжнародныя спаборніцтвы Клуба аператараў дарожна-будаўнічай тэхнікі Volvo, падчас якіх будуць збіраць піраміду з брускоў і ставіць на яе вядро з вадой.

Таксама на сцэну выйдуць шведскія фудблогеры.

На святочнай пляцоўцы пройдзе захапляльны квэст для падлеткаў з падарункамі, а аматары здаровага ладу жыцця змогуць паспрабаваць швітнес-фітнес – фітнес на шведскай мове.

Апроч таго будуць працаваць тыя ж зоны і пляцоўкі, што і летась: гастранамічны тэатр Electrolux, б’юці-зона Oriflame, дзе можна будзе не толькі нанесці макіяж, але і ўпрыгожыць твар аквагрымам, пафатаграфавацца і даведацца пра здаровае харчаванне; турыстычная пляцоўка, стэнд корму для сабак, дзіцячая пляцоўка «Палессе».

У траўні Пасольства Швецыі будзе арганізоўваць інстаграм-конкурс #Швецыяпобач. Кожны ахвотны ў кароткім інста-відэа зможа распавесці пра шведскую музыку, літаратуру, мастацтва, ежу, адзенне, дызайн, кіно, машыны – словам, пра ўсё тое шведскае, што прысутнічае ў яго жыцці, – і выйграць паездку ў гэтую краіну на дваіх.

Яшчэ адзін конкурс «На Дзень Швецыі надзень Швецыю» пройдзе наўпрост падчас свята. Наведвальнікі, апранутыя ў шведскія касцюмы, альбо адзенне ў колерах шведскага сцяга, змогуць паспаборнічаць за прыз.

Дзень Швецыі сёлета пройдзе не толькі ў Мінску, але і ў абласной бібліятэцы Гомеля. Там адбудзецца гульня «Што? Дзе? Калі?», пройдзе майстар-клас па валянні готландскай авечкі, маленькія наведвальнікі змогуць паглядзець мюзікл аб вядомых у Беларусі шведскіх персанажах Пэтсане і Фіндусе.

Сумесныя праекты, турыстычныя парады ад пасла і АЭС

Паводле Крысціны Юханесан, цяпер ёсць грамадныя магчымасці арганізаваць узаемна цікавыя гістарычныя выставы, тым больш, што ў гісторыі нашых краін ёсць агульныя моманты. Пасол сказала, што будзе абмяркоўваць гэтае пытанне з паслом Беларусі ў Стакгольме і шведскімі музеямі.

Пасол Швецыі Крысціна Юханесан 

Яшчэ адно пытанне, якое збліжае нашыя краіны – кінематограф. У свой час у Швецыі, як і ў Беларусі, блакбастары вышчамлялі з пракату айчыннае кіно. Але дзякуючы дзяржаўнай праграме падтрымкі шведскі кінематограф выжыў, і шведы сталі глядзець сваё кіно, якое цяпер атрымлівае высокія водгукі не толькі на радзіме, але і па ўсім свеце.

Крысціна Юханесан назвала «геніяльным крокам» магчымасць 30-дзённага бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі. Сярод месцаў, якія варта наведаць турыстам у нашай краіне яна параіла… лясы.  

– Я была ў Белавежскай пушчы. У Налібоцкай пушчы таксама неверагодна цікавая гісторыя. Там я ела самы смачны абед у сваім жыцці, які гатаваўся наўпрост на адкрытым агні: яешня, чорны хлеб, гарбата, свае яблыкі – гэта арыгінальнае. У Беларусі ёсць, што паглядзець, але трэба знаходзіць тое, чым вы ўнікальныя, чаму трэба ехаць менавіта сюды, а не ў Польшчу ці Літву. Стварыце ўмовы, аграсядзібы, транспарт і дайце хоць нейкую інфармацыю на англійскай мове, – параіла пасол.

Яна падкрэсліла, што Швецыя «не хоча гуляць у адны вароты», таму беларускае пасольства сумесна з арганізацыямі беларусаў у Швецыі думае аб культурных праектах там.

– У Швецыі дрэнна ведаюць Беларусь. Трэба распавесці пра вас у нашых СМІ, прывозіць выставы, музыку, каб расказаць шведам, што Беларусь – гэта не частка Расіі, – зазначыла Крысціна Юханесан і падтрымала прапанову прывезці ў Беларусь шведскіх журналістаў.

Ім будзе, пра што распавесці: за мінулы год гандаль паміж Швецыяй і Беларуссю вырас на 35%. З Беларусі ў Швецыю расце экспарт ІТ-паслуг. Цяпер ёсць некалькі сумесных беларуска-шведскіх праектаў, у тым ліку ў Стакгольме. А ўжо гэтай восенню плануецца прэзентацыя патэнцыялу Беларусі ў Швецыі.

Гэтая скандынаўская краіна – самы буйны донар Беларусі ў шэрагу праектаў, пасля Еўрасаюза. Сярод іх вельмі шмат экалагічных праектаў, напрыклад, адзін з іх прысвечаны мадэрнізацыі вадаканалаў у беларускіх гарадах.

Крысціна Юханесан паабяцала, што экалогія і клімат і надалей застануцца аднымі з прыярытэтных кірункаў працы Пасольства Швецыі. «Новы Час» пацікавіўся ў спадарыні пасла, ці ведае пра тры найбольш балючыя для сённяшняй Беларусі кропкі, якія пагражаюць экалогіі – гэта будаўніцтва АЭС пад Астраўцом, акумулятарнага завода пад Брэстам і завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

– Мне складана даць ацэнку гэтым тром праектам. Магу толькі сказаць па атамнай электрастранцыі, што з боку Швецыі ўжо ёсць гатоўнасць нашага агенцтва па радыяцыйнай бяспецы. Яно ўжо супрацоўнічае з беларускімі ўладамі ў Гомелі па наступствах чарнобыльскай аварыі. Агенцтва гатова і далей працаваць для таго, каб была максімальная транспарэнтнасць. Мы можам прапаноўваць свае ноу-хау, тэхналогіі, экспертызы, і калі яны будуць запатрабаваныя, – мы будзем радыя. У Швецыі таксама былі і цяпер ёсць праекты, якія выклікаюць заклапочанасць грамадскасці, і мы можам распавядаць, як мы працуем з гэтымі пытаннямі, і старацца дамагчыся максімальнай транспарэнтнасці і наяўнасці ўсёй інфармацыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: