Пастар «Новага жыцця» Вячаслаў Ганчарэнка: Ад нас патрабуюць заплаціць падатак — каля 180 тысяч долараў

Пастар царквы «Новае жыццё» распавёў «Народнай Волі» пра тое, ці можа вырашыцца праблема вернікаў.

19 лютага мінская суполка хрысціян поўнага Евангелля «Царква "Новае жыццё"» была прымусова выселеная.

У 2002 годзе гэтая царква выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку горада, адрамантавала яго, і з 2004 года там праходзілі набажэнствы.

У мінулым годзе «Новае жыццё» атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак у Мінску на вуліцы Кавалёва, 72 да канца года.

Нагадаем, што «Новае жыццё» — найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Са жніўня яна паслядоўна асуджала беззаконне і гвалт, а таксама заклікала ўлады да пакаяння.

— Ужо амаль два месяцы людзі моляцца на вуліцы, — кажа пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка. — Збіраемся кожную нядзелю на аўтамабільнай стаянцы ля будынка царквы, з якога нас выселілі. Сітуацыя тупіковая, бо Мінгарвыканкам не ідзе нам насустрач.

— Вярнуць будынак царкве — справа нерэальная?

— Мы, безумоўна, хацелі б да гэтага прыйсці, абмяркоўваем сітуацыю з юрыстамі. Праўда, мінулы юрыдычны досвед паказвае, што ў нашай краіне дастаткова складана абараніць свае правы.

— Новае памяшканне не спрабавалі знайсці?

— На тое, каб праводзіць службы ў адміністрацыйных будынках, усё роўна патрэбны дазвол Мінгарвыканкама. І падчас гутаркі з гарадскімі чыноўнікамі нам стала зразумела, што памяшканне дадуць толькі пры ўмове, што мы аплацім доўг, які мы як быццам вінны ЖРЭА. Хочуць павесіць на нас падатак на зямлю, хаця, калі б будынак не забралі, царква была б вызваленая ад такога падатку. А патрабуюць заплаціць ні многа ні мала — каля 180 тысяч долараў! Адным словам, сітуацыя тупіковая. Памяшканне нам не хочуць аддаваць, а мы не хочам плаціць такую суму, бо царква не павінна плаціць.

Мы ж такі рамонт цудоўны зрабілі! Можна ж было паступіць па-людску: даць кампенсацыю, прадаставіць новае памяшканне. А так пакінулі без нічога. Толькі ўмовы ставяць.

— Міліцыя не перашкаджае вернікам збірацца на вуліцы і маліцца?

— Такога не было, хаця часам бачым і міліцэйскія машыны, і з дрона здымалі нашы сходы.

Мы на гэта не звяртаем увагі. Молімся і верым, што Гасподзь дасць нам перамогу і ў нас усё роўна будзе свой будынак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: