Паставілі крыж — «нанеслі шкоду культурнай каштоўнасці»

Працягваецца пераслед патрыётаў, якія ўсталявалі крыж у Курапатах у памяць расстраляных літоўцаў.

Крыж памяці літоўскіх ахвяраў


18 студзеня ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт былі выкліканы на пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ, і сакратар Управы КХП—БНФ Валеры Буйвал.

На Юрыя Беленькага і Валера Буйвала склалі пратаколы за тое, што яны “парушылі парадак і ўмовы выканання працаў на гісторыка-культурнай каштоўнасці” ў Курапатах. А менавіта за тое, што яны ўсталявалі крыж у памяць расстраляных літоўцаў і тым самым “нанеслі шкоду культурнай каштоўнасці”.

27 снежня 2018 года група беларускіх патрыётаў, сярод іх Юры Беленькі, усталявалі ў Курапатах драўляны крыж на месцы даўняга спарахнелага крыжа памяці літоўскіх ахвяраў.

Папярэдне патрыёты звязаліся з грамадзянамі Літвы, якія выканалі ў традыцыйным стылі літоўскага народнага мастацтва драўляны дубовы крыж і прымацавалі да яго шыльдачку з эпітафіяй “Памяці забітых літоўцаў. 1937–1941” на беларускай і літоўскай мовах.

Шыльдачка на крыжы памяці літоўскіх ахвяр,аў

Устаноўка новага крыжа на месцы старога спарахнелага, адзначаюць у КХП—БНФ, з’явілася актам ушанавання памяці пакутнікаў літоўскага народа, які разам з беларусамі пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій. Падчас устаноўкі крыжа каля гэтага месца знаходзіліся два работнікі “Лясгасу”, якія не выказвалі ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў устаноўкі крыжа і не задавалі ніякіх пытанняў.

Устаноўка крыжа памяці літоўскіх ахвяраў


У той самы час па цэнтральнай Крыжовай алеі Курапатаў праходзіў Валеры Буйвал, які на працягу 30 гадоў апякуецца курапацкімі магіламі і крыжамі. Ён не прымаў удзел ва ўстаноўцы новага крыжа. Аднак на аснове сведчанняў работнікаў “Лясгасу” яго таксама прыцягнулі да адказнасці ва ўдзеле ва ўстаноўцы крыжа.

Пасля завяршэння ўстаноўкі крыжа патрыёты пакінулі тэрыторыю Курапатаў. Ужо праз дзве гадзіны ім паведамілі, што крыж у памяць літоўскіх ахвяраў знік. Удалося высветліць, што гэты крыж быў выдалены з зямлі і вывезены работнікамі “Лясгасу”. Зараз крыж знаходзіцца на часовых захаванні на адміністрацыйнай тэрыторыі “Лясгасу”.

28 снежня 2018 года грамадскі дырэктар Грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі сустрэўся з работнікамі “Лясгасу”, якія выдалілі і вывезлі крыж, і запатрабаваў, каб тыя вярнулі крыж на месца. Яны адмовіліся гэта зрабіць. І звярнуліся ў міліцыю па факце “нанясення шкоды культурнай каштоўнасці”.

Міліцыя перадала гэтую справу ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт. Пасля сённяшняга пасяджэння прызначана наступнае пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі для правядзення адміністрацыйнага працэсу.

Крыж памяці літоўскіх ахвяраў


“Абсурдныя і фальшывыя абвінавачванні высунуты супраць людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі Народны мемарыял у Курапатах, ахоўвалі і баранілі яго ад спробаў знішчыць крыжы і магілы народных пакутнікаў. Акт дзяржаўнага вандалізму быў здзейснены прадстаўнікамі ўлады на магілах пакутнікаў і знайшоў свой працяг у незаконных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі і Мінскага раённага выканаўчага камітэту”, адзначае Інфармацыйная камісія Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ.

Патрыёты будуць звяртацца ў пракуратуру, каб абскардзіць дзеянні прадстаўнікоў уладаў. А таксама КХП— БНФ хоча звярнуцца да міжнароднай грамадскасці з заклікам асудзіць дзеянні беларускіх уладаў на магілах у Курапатах і рэпрэсіі супраць патрыётаў, якія шмат гадоў апякуюцца народным мемарыялам.

Паводле прэс-службы Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ

  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: