«Паступіў сігнал»: Як на людзей спрабуюць ціснуць праз дзяцей

З-за паста ў месенджары Уладзіміра выклікалі на гутарку ў дзіцячы сад, які наведвае яго дзіця. Папярэдзілі: калі пост не будзе выдалены, скрыншот адправяць у міліцыю і на працу. А да Ірыны дадому прыйшла інспектар ІСН. На якой падставе прадстаўнік праваахоўных органаў аглядала пакоі і цікавілася змесцівам халадзільніка, Ірыне застаецца толькі здагадвацца.


Уладзімір: "Папрасілі выдаліць пост, інакш скрыншот адправяць у міліцыю і на працу"

Дзіцяці жыхара Баранавічаў Уладзіміра пяць гадоў, ён наведвае дзіцячы сад з двух. Мужчына распавядае, што за ўвесь гэты час ніякіх прэтэнзій з боку адміністрацыі дашкольнай установы да іх сям'і не было.

Некалькі дзён таму, начытаўшыся навін аб тым, як у навучальныя ўстановы краіны прыходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў і праводзяць прафілактычныя гутаркі, якія тычацца палітыкі, мужчына вырашыў даведацца, што на гэты конт думаюць іншыя бацькі, дзеці якіх таксама наведваюць дзіцячы сад.

— Асабіста я не супраць таго, каб міліцыянты распавядалі дзецям аб правілах дарожнага руху, пра тое, што нельга красці, як правільна паводзіць сябе з незнаёмымі людзьмі. Але ніякай палітычнай прапаганды быць не павінна, — кажа ён.

У бацькоўскім чаце у вайберы ён напісаў пост, у якім распавёў пра візіты міліцыянтаў у навучальныя ўстановы краіны і дадаў апытанне, каб даведацца, як бацькі ставяцца да падобнага.

— Меркаванні былі розныя, але не ў гэтым сутнасць. На наступны дзень мяне тэрмінова выклікалі ў дзіцячы сад. Нягледзячы на тое, што я быў з дзіцем на бальнічным і, каб прайсці ў дашкольную ўстанову, прыйшлося пакідаць малога з бабуляй, — распавядае мужчына.

«Дзіцячы сад – не месца для палітыкі»
Гутарылі з Уладзімірам загадчыца дзіцячым садам і метадыст.

— Яны сказалі, што запрасілі мяне праз тое, што я падымаю палітычныя тэмы ў групе і пішу недакладную інфармацыю аб тым, што міліцыя праводзіць у школах прапаганду, — кажа Уладзімір.

Па словах мужчыны, яго папрасілі выдаліць гэты пост, інакш скрыншот будзе адпраўлены ў міліцыю і яму на працу.

— Я сказаў: адпраўляйце, чаго вы мяне палохаеце? — распавядае ён.

Мужчына кажа, што чат, у якім ён рабіў апытанне, быў бацькоўскім — нікога з работнікаў дашкольнай установы ў ім няма. І калі ўжо адміністрацыя дзіцячага садка вырашыла заняцца пытаннем, пра што пішуць бацькі ў групе, хай бы тады пачыталі, што тыя пішуць, напрыклад, пра паборы ў дзіцячым садзе.

— Вядома, яны мне адказвалі, што ўсе зборы добраахвотныя і што я адхіляюся ад тэмы, — кажа Уладзімір.

У працяг размовы прадстаўнікі адміністрацыі дашкольнай установы настойвалі на тым, каб пост быў выдалены, так як дзіцячы сад — не месца для палітыкі.

— Мне сказалі, што іх калектыў сышоўся на тым, што садок — без палітыкі. Дык чаму не давесці гэта да бацькоў, правёўшы сход, напрыклад, са старшынямі бацькоўскіх камітэтаў, каб тыя распавялі гэта ўсім астатнім? — абураецца Уладзімір. — Да таго ж я нічога не прапагандаваў, проста хацеў даведацца меркаванне іншых бацькоў.

Да таго ж ён прывёў факты, якія пацвярджаюць, што дзіцячы сад не з'яўляецца установай па-за палітыкай.

— Я ім нагадаў, што падчас парламенцкіх выбараў і выбараў у гарсавет на бацькоўскія сходы прыходзілі кандыдаты ў дэпутаты і агітавалі за свае кандыдатуры, — распавядае мужчына. — Яны самі сабе супярэчаць.

"Складана разабрацца, што законна, а што не"

Па словах мужчыны, сустрэча доўжылася каля паўгадзіны. Ён вёў аўдыёзапіс, работнікі дашкольнай установы — таксама.

— Пагроз як такіх не было, але папярэджанне аб тым, што скрыншот адправяць у міліцыю ці мне на працу, можна расцэньваць дваяк, — кажа Уладзімір.

Свой пост ён выдаліў. На ўсялякі выпадак. Хоць адвакат, з якім ён звязаўся, сказаў, што нічога крымінальнага ў яго паведамленні не было і ў дзіцячы сад яго, хутчэй за ўсё, выклікалі для запалохвання.

— Цяпер складана разабрацца, што законна, а што няма і як наогул у нас працуюць законы. Калі я хаджу з дзіцем у горад, а там ходзяць людзі ў цывільным і ў балаклавах, ён пытаецца: хто гэта? А я і не ведаю. Вызначыць гэта немагчыма. Загадчыца дзіцячым садам кажа, што гэта міліцыя і балаклавы надзяваюць для прафілактыкі каронавіруса. Але для гэтага трэба надзяваць маскі, а не хаваць свой твар сярод белага дня.

Ірына: "Пайшла па пакоях, загадала адкрыць халадзільнік"

У Ірыны двое непаўналетніх дзяцей, яны вучацца ў розных школах горада. Старэйшая дачка ўжо дарослая, жыве асобна.

Па словах Ірыны, 15 верасня, прыкладна ў 11 гадзін раніцы, калі яе дзеці былі ў школе, у дзверы кватэры пазванілі.

— Званок быў не ў дамафон, а адразу ў кватэру. Калі я паглядзела ў вочка, мне ў загадным тоне сказалі: адкрываем, міліцыя.

Ірына распавядае, што ў яе кватэру зайшлі дзве жанчыны. Адна — у міліцэйскай форме, другая — у цывільным адзенні.

— Тая, якая была ў форме, прадставілася інспектарам па справах непаўналетніх і паказала пасведчанне, а кім была другая — я да гэтага часу не ведаю. Спытала, але яна не прадставілася, — кажа Ірына.

Потым інспектар ІСН пачала аглядаць кватэру Ірыны.

— Жанчына па-гаспадарску, не пытаючыся майго дазволу, пайшла па пакоях, загадала адкрыць халадзільнік. Нахабна, без усялякіх тлумачэнняў, — кажа Ірына. — Яе спадарожніца ўвесь гэты час стаяла ў калідоры і, як мне здалося, адчувала сябе нават няёмка.

Па словах Ірыны, яна спрабавала высветліць у гасцей, якая нагода нечаканага візіту, але выразнага адказу так і не атрымала.

— Інспектар мне сказала, што паступіў сігнал. На маё пытанне, якое і ад каго, адказала, што дакладваць мне гэта яна не абавязаная, — кажа Ірына.

"Сапраўднае самавольства"

Робячы абыход па кватэры, інспектар, па словах Ірыны, чаплялася да ўсякіх дробязяў:

— Спачатку яна сказала, што ў нас рэчы нібыта раскіданыя. Калі я пачала абурацца, маральна даваць адпор, спытала, чаму ў дзіцяці не запраўлены ложак. Гэта значыць хтосьці мае права ўказваць, што мне рабіць у маёй кватэры — запраўляць ложак або не?

Ірына кажа, што ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць вывучэння ўмоў пражывання яе дзяцей, ёй не паказвалі. Ніякіх дакументаў "госці" не запаўнялі таксама падчас агляду яе кватэры.

— Нейкае бязмежжа, сапраўднае самавольства, — абураецца Ірына.

Жанчына кажа, што ніякіх перадумоў для такіх нечаканых візітаў праваахоўных органаў у яе кватэру яна не бачыць. І з боку навучальных устаноў, дзе вучацца яе дзеці, да сям'і ніколі не было ніякіх прэтэнзій.

— Дзеці не прапускаюць урокі, добра вучацца, ходзяць у гурткі, забяспечаны ўсім неабходным, у нас няма ніякіх даўгоў. У нас у сям'і ніхто не толькі не п'е, але нават і не паліць, — кажа яна.

На думку Ірыны, прычынай візіту мог быць толькі яе ўдзел у акцыях пратэсту, якія па выхадных днях праходзяць у горадзе.

— Мы — звычайная сям'я, цалкам добрая. Няўжо з-за маёй грамадзянскай пазіцыі хтосьці мае права без папярэджання прыходзіць і гаспадарыць у маёй кватэры? — абураецца Ірына.

Па словах Ірыны, з нагоды таго, што адбылося, яна ўжо пракансультавалася з праваабаронцамі і мае намер падаць скаргу ў пракуратуру.

Леанід Судаленка, праваабаронца:

— Кожны мае права не ўпускаць да сябе дадому нечаканых гасцей. Нават калі гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў. Узаемадзеянне з міліцыяй павінна быць афіцыйным: калі вас кудысьці выклікаюць, павінна быць позва, калі прыходзяць дадому — можна адказаць, што вы нікога не чакаеце і, калі да вас ёсць пытанні, хай іх дасылаюць або выклікаюць вас па позве. Выраз сваёй грамадзянскай пазіцыі, поглядаў — гэта права і асабістая справа кожнага чалавека. Так, супрацоўнікі міліцыі маюць права праводзіць прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў. Але гэтая прафілактыка не павінна ўрывацца ў прыватнае жыццё людзей.

Іншая справа, што ў апошні час у краіне закон не працуе.

Паводле intex-press.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: