За заклік у фейсбуку Паўла Севярынца асудзілі на дзесяць сутак

У Фрунзенскім раёне ідзе суд над Паўлам Севярынцам. Палітык быў затрыманы 26 лютага на выхадзе з дому. Падставай стаў заклік да ўдзелу ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Да суда Севярынец разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі знаходзіўся ў Ізалятары часовага ўтрымання.


Перад пачаткам пасяджэння суддзя Буйноўская катэгарычна забараніла любыя здымкі.

Павел Севярынец патрабаваў адводу суддзі, а таксама каб працэс вёўся па-беларуску. Гэтыя хадайнцтвы судзя адхіліла. 

Севярынец распавёў, што 26 лютага яго затрымалі людзі ў масках. Трое сутак трымалі на Акрэсціна, пры гэтым нічога не тлумачылі.

Палітыка абвінавачваюць у публічным закліку да правядзення масавага мерапрыемства. Абвінавачванне грунтуецца выключна на інфармацыі, якую Павел размясціў на сваёй старонцы ў фейсбуку. Па словах Паўла, акцыя ў падтрымку палітвязняў для яго — справа гонару. Вінаватым сябе ён не прызнаў.

На пытанне суддзі, ці звярталіся па дазвол на правядзенне акцыі ў Мінгарвыканкам, Севярынец кажа, што раней — шматкроць разоў, але гарадскія ўлады такія акцыі не дазваляюць у прынцыпе.

Адвакат Севярынца Вадзім Мушынскі спаслаўся на Канстытуцыю, на права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання і папрасіў спыніць вытворчаць.

Пасля перапынку судзя абвясціла рашэнне: за публічны заклік да несанкцыянаванай акцыі Павел Севярынец асуджаны на 10 сутак арышту. Пры гэтым былі ўлічаны змягчаючыя абставіны — наяўнасць маленькага дзіця. 

Астатнія ўдзельнікі акцыі, якіх у гэты ж дзень судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна, атрымалі буйныя штрафы — 40-45 базавых. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: