Паўлюку Быкоўскаму прад'яўлена абвінавачванне па «справе БЕЛТА»

Карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюку Быкоўскаму Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванне па «справе БЕЛТА». Спадар Быкоўскі мусіць сплаціць кампенсацыю за страты, нанесеныя БЕЛТА.
Паўлюк Быкоўскі, фота з сайта baj.by

Паўлюк Быкоўскі, фота з сайта baj.by

Матэрыяльныя страты БЕЛТА, па меркаванні следчых, крыху перавысілі 4 000 рублёў.

Паўлюк Быкоўскі кажа, што прызнае сваю віну і мае намер сплаціць гэтыя грошы.

«Я адразу абіраў такі варыянт паводзінаў, гэта — мая тактыка. Натуральна, я нікога не схіляю да такіх рашэнняў», — патлумачыў вядомы журналіст і медыяэксперт.

Вядома, што ўжо абвінавачванні прад'явілі шасці асобам з рэдакцыі TUT.BY. Таксама абвінавачванні прад'яўленыя галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, журналістцы БелаПАН Таццяне Каравянковай.

Фігуранты «справы БЕЛТА» знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе з краіны.

7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Віталь Z!
  • 2018-11-08 19:04:43
Крымінальная справа ня тычыцца дзяржаўнай альбо інтымнай таямніцы. Усе фігуранты малі права не даваць ніякіх распісак. Аніяк не абавязаны былі. Гэта банальны развод ад сьледакоў.

Каментаваць