Паўлу Севярынцу — 15 сутак (дапоўнена)

Сёння, 2 кастрычніка, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзілі Паўла Севярынца.

Павел Севярынец на акцыі 8 верасня 2017 года ў Мінску

Павел Севярынец быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры Мінску 8 верасня. Вё працэс суддзя Іван Касцян, які прысудзіў Севярыну арышт на Акрэсціна.


Павел і Вольга Севярынец перад пачаткам судовага пасяджэння. Фота Генадзя Кеснера

Сведкамі на працэсе, які вёў суддзя Іван Касцян, традыцыйна выступалі байцы АМАПу. Сам Павел Севярынец не аспрэчваў таго факту, што ўдзельнічаў у акцыі 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы і ў шэсці да Плошчы Якуба Коласа, што выступаў перад удзельнікамі мерапрыемства з дапамогаю гукаўзмацняльнай тэхнікі, што прымаў сімвалічную прысягу на вернасць Беларусі, што трымаўся за вялізны бел-чырвона-белы сцяг.  

Па словах палітыка, ён не лічыць сябе ў чым-небудзь вінаватым, бо, па-першае, Канстытуцыя Беларусі гарантуе ўсім грамадзянам права на свабоду сходаў і свабоду выказванняў, па-другое, акцыя насіла выключна мірны характар. Да таго ж, ён не чуў аніякіх папярэджанняў з боку праваахоўных органаў пра тое, што акцыя з’яўляецца незаконнай.

Павел Севярынец звярнуў увагу суда на тое, што абарона незалежнасці і суверэнітэту Беларусі з’яўляецца святым абавязкам усіх жыхароў краіны.

Варта адзначыць, што суддзя задаволіў хадайніцтва Севярынца і вёў працэс па-беларуску. Павел ухваліў такія дзеянні суддзі Касцяна і выказаў спадзяванне на тое, што ён зробіць яшчэ адзін крок. “Вы станеце сапраўдным героем Беларусі, калі прымеце сумленнае рашэнне і апраўдаеце мяне. Тады людзі павераць, што ў Беларусі яшчэ ёсць правасуддзе”, — сказаў Севярынец.

Іван Касцян адправіўся для пастановы рашэння ў свой пакой і адсутнічаў хвілінаў сорак. А калі вярнуўся, зачытаў пастанову: для Севярынца 15 сутак адміністрацыйнага арышту з правам абскардзіць гэтую пастанову ў суд вышэйшай інстанцыі. Што асуджаны, які прыйшоў на працэс у суправаджэнні цяжарнай жонкі, і збіраецца зрабіць. “Судзіць за абарону незалежнасці Беларусі ў беларускім судзе — гэта абсурд”, — падсумаваў справу Севярынец.  


Нагадаем, акцыя 8 верасня праводзілася на знак пратэсту супраць беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017» і была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае 8 верасня, у гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай.

У дзень акцыі ніхто затрыманы не быў, аднак пазней за ўдзел у акцыі былі асуджаныя палітыкі Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч ды магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў адбыў 7 сутак арышту на Акрэсціна, адкуль выйшаў 22 верасня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў. А 26 верасня суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў Мікалая Статкевіча на 5 сутак.

Чытайце таксама:

Акцыя супраць вучэнняў і прысяга вернасці Беларусі на Кастрычніцкай плошчы (фота, відэа)



Акрамя таго, паведамляе сайт spring96.org, суддзя гэтага ж суда Вікторыя Шабуня сёння разгледзела адміністрацыйныя справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП ("удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года") у дачыненні да іншых актывістаў і асудзіла: Аляксандра Абрамовіча да штрафу ў 50 базавых велічынь, Андрэя Шарэнду да арышту ў 15 сутак, Наталлю Папкову да арышту ў 7 сутак.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: