Паўтары сотні кіраўнікоў беларускіх IT-кампаній і інвестараў заклікалі правесці новыя выбары

Партал dev.by апублікаваў адкрыты ліст, які склалі заснавальнікі, кіраўнікі, а таксама супрацоўнікі беларускіх ІТ-кампаній. Зварот ужо падпісалі больш за 150 чалавек.


У ім гаворыцца, што ў апошнія месяцы назіраецца раскручванне спіралі гвалту, выбаршчыкамі і назіральнікамі зафіксаваныя шматлікія парушэнні, якія сведчаць пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў.

«Мы мяркуем, што выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі сфальсіфікаваныя. Затрыманыя і асуджаныя тысячы людзей. Мірныя акцыі пратэсту разганяюцца з неадэкватным ужываннем сілы. Звычайных людзей затрымліваюць без усякай нагоды, збіваюць і арыштоўваюць. Некалькі дзён ва ўсёй краіне быў абмежаваны доступ да сеткі інтэрнэт. Любому здароваму чалавеку балюча на гэта глядзець. Працаваць у такіх умовах вельмі цяжка».

Падпісанты ліста канстатуюць, што ў краіне фармуюцца ўмовы, у якіх тэхналагічны бізнес не зможа функцыянаваць і прагназуюць масавы адток спецыялістаў за мяжу, адкрыццё офісаў у суседніх краінах, запаволенне тэмпаў росту IT-сектара, памяншэнне інвестыцый у беларускія IT-кампаніі, памяншэнне падатковых паступленняў.

 «Ёсьць рызыка за кароткі час перакрэсліць усе дасягненні ў сферы высокіх тэхналогій. Стартапы не нараджаюцца ў атмасферы страху і гвалту. Стартапы нараджаюцца ў атмасферы свабоды і адкрытасці».

Кіраўнікі IT-кампаніяў, інвестары і праграмісты заклікаюць дзяржаўныя органы:

Спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і прыбраць атмасферу страху з вуліц.

Вызваліць усіх палітвязняў і затрыманых.

Правесці новыя празрыстыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Забяспечыць грамадзян Рэспублікі Беларусь вольным доступам да інфармацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: