Павел Аракелян: «Падчас страшэннай сусветнай пандэміі робіцца ўсё, каб кожны выйшаў з арышту хворым»

Пасля 15-суткавага арышту на волю з магілёўскай турмы выйшаў музыка Павел Аракелян. Ён быў рэкардсменам па колькасці праведзеных вулічных канцэртаў. Вось што Павел распавёў пра свае зняволенне «Нашай Ніве».


«Мяне затрымалі 7 лістапада пасля канцэрту ў Малінаўцы. Кіроўца падкідваў на машыне дадому, як аднекуль на скрыжаванні з’явіліся амапаўцы.

Нас выцягвалі з машыны, якая яшчэ працягвала рухацца. На галаву надзелі капюшон, завялі ў бусік і паклалі фэйсам у сядушку.

Спачатку трохі памусолілі кіроўцу, але пасля ўзяліся за мяне. Кіроўцу адпусцілі, бо ён ніякага дачынення да гэтага ўсяго не меў. А яшчэ атрымалася так, што машына так і не паспела спыніцца, калі нас выцягвалі. То яна і ўпісалася ў аўтамабіль перад намі. Таму кіроўца застаўся разбірацца з ДАІ.

Амапаўцаў на мяне адправілі ці то 8, ці то 10, і яшчэ, казалі, каля тузіна былі дзесьці недалёка ў двары. Сілу, канечне, прымянялі — сцяжка, пару пінкоў, — але гэта драбяза на фоне таго, што робіцца. Яны сказалі, табе пашанцавала, бо мы цябе ведаем. Я кажу: ну, дзякуй.

Так, казалі, што спецыяльна палявалі на мяне. Кажуць, ты нас задзяўбаў, столькі ад нас збягаў. Дзе гэта было? Ну вось у Маладзечне. У якім Маладзечне? Я ў гэтым горадзе не быў ужо больш за год. Усялякай лухцені ад іх наслухаўся, мне здаецца ўсю метадычку расказалі:

што вам трэба, а колькі вам плацяць, а чаму ты не бярэш грошай, не бярэш, ну ты дурань, бо астатнія бяруць, прыйдзе Еўропа і ўсе будуць даўбіцца ў сраку, дэмаграфія ўпадзе. Калі задаеш пытанне, на якое не могуць адказаць, то адразу, калі не Лукашэнка, то кто, любімую не аддаюць.

Уся гэтая херня цягнулася да РУУС. І яшчэ запалохвалі: будзь асцярожны, мы яшчэ сустрэнемся, мы цябе ведаем, ты нармальны мужык, проста збочыў не на тую дарожку.

Я калісьці сам трэніраваўся пры 3214, гадоў дзесяць таму, але ў нас была група цывільных людзей. Калі кагосьці і ведаў, то нікога б ужо не згадаў, бо памяць на твары так сабе.

У Маскоўскім РУУС было такое ўжо прычынна-благароднае, бегалі са словамі: «О, музыканта прывезлі». Там былі журналісткі з Марша, у тым ліку Кацярына Карпіцкая, а таксама журналіст расійскага МБХ Раман. Мяне прывезлі пад вечар, міліцыянты сядзелі з дзяўчынкамі размаўлялі, аформілі вельмі хутка, можа, цягам паўгадзіны.

Мы з Раманам трапілі ў чатырохмясцовы люкс удвух. Было нават смешна, калі людзей з нядзельнага маршу запіхалі. Баландзёр ходзіць днём і пытаецца, колькі чалавек. «Дваццаць», — крычаць яму. Бах-бах-бах, запіхвае талеркі. Наступная — сямнаццаць. Наша, кажам, двое. «Яб…ь у вас люкс», — чуецца.

Да судоў мы так і прасядзелі. Потым нам закінулі яшчэ чатырох хлопцаў, але літаральна на адну ноч, бо мяне этапавалі ў Жодзіна.

Суд — гэта цалкам блазенства. Я нічога не чакаў, апроч сутак, мая мэта была — зацягнуць суд як мага даўжэй.

Калі цягнуць як мага даўжэй, то, магчыма, ў кагосьці скончыцца тэрмін затрымання і яго адпусцяць. Я гадзіну так слухаў гэтую лухту.

Сведка-міліцыянт казаў, што не чуў, каб крычаў лозунгі, быў з сімволікай. Ну што сказаць, я пасмяяўся, стандартны беларускі суд. Стомленая суддзя была.

Агулам па ўмовах утрымання — гэта паўнавартасныя катаванні. Мы гэта ўсё будзем збіраць. Гэта 15 сутак без ежы, вады, туалетнай паперы, гігіены, чалавечага стаўлення. Можна браць інтэрв’ю баскетбалісткі Леўчанка і падпісвацца цалкам.

Адзінае, на чым я хачу зрабіць акцэнт: падчас страшэннай сусветнай пандэміі робіцца ўсё, каб кожны выйшаў з арышту хворым. Быў момант, пытаюцца, ці ёсць скаргі на здароўе. Хлопец падымае руку: «У мяне няма, але я кантактаваў з каранавірусным». «Хаха, вось з іншымі кантактаваць не будзеце».

Яны ведаюць, што робяць. Вы п’яце з аднаго кубку на ўсіх, няма гарачай вады. Робіцца ўсё для таго, каб як мага больш людзей выйшлі адтуль з ковідам.

Я сам кашляю, але я кашляю ўвесь час у такую пару. Калі ўчора выходзіў са сваёй «хаты», то я там быў самы здаровы, хаця ў мяне ёсць праблемы з насаглоткай.

Што скажу дакладна пра Магілёў (другую палову тэрміну Аракелян дасіджваў там — «НН»), то тамтэйшыя супрацоўнікі стараюцца на сто працэнтаў выконваць пратакол. Каб усё было па часе, афіцыйна, прытрымліваюцца па-салдацку парадку дня.

Я шчаслівы, што адседзеў, бо столькі цудоўных кантактаў у мяне б не завязалася ніколі, а тут на працягу двух тыдняў. Там былі сапраўдныя свяцілы: са мной сядзеў сусветнавядомы ўролаг Аляксандр Мініч, унікальны выкладчык з БДУ Аляксандр Сарока, доктар хуткай дапамогі, вядучыя спецыялісты ІТ-кампаній, бізнесоўцы, гісторыкі, настаўнікі, шахцёр, мазавец, былы вайсковец. Там быў увесь зрэз грамадства. Безумоўна, усе «наркаманы і алкаголікі». Сапраўдных наркаманаў і алкаголікаў я не бачыў зусім.

Мяне папярэдзілі, што затрымаюць. Я быў гатовы ад таго моманту, калі выйшаў рабіць тое, што ўмею — гэта было ці 13, ці 14 жніўня. Я ў туражцы прайшоў праз чалавек 25, і кожны, хто сядзеў, казаў, што пакуль мы тут, мы займаем чыесьці месцы, магчыма, чалавека, які б сядзець не змог. Не ныў ніводны чалавек.

Мяне ўсцешвала, што тая субота, калі мяне ўзялі, гэта быў апошні з запланаваных дваравых канцэртаў. Я зрабіў цалкам свой план, які хацеў. Цяпер ужо не тое надвор’е. Апошні тыдзень, калі я граў, быў цяжкім, я нават хацеў раней скончыць, але сталі затрымліваць музыкаў, то я не хацеў нікога дэмаралізоўваць.

Цяпер хачу зрабіць яшчэ адзін маштабны праект салідарнасці, але хачу ўзнавіць здароўе спачатку. Я вельмі хачу запісаць «Купалінку» ў студыі, бо ў мяне ёсць відэа амаль з кожнага двара, дзе граў.

Я нават прыблізна не магу сказаць, колькі канцэртаў адыграў, пасля 43 ці 44 згубіў лік. Можа, 60, можа, 80. Не важна, хто рэкардсмэн. У шчыльным рэжыме рабілі яшчэ Андрусь Такінданг, Піт Паўлаў. Думаю, мы ўсе далі прыкладна аднолькавую колькасць.

Што ў той жа дзень затрымалі Такінданга і Паўлёнка, нават не ведаў да затрымання.

Я выйшаў больш бадзёры, чым заязджаў. Убачыў настрой людзей, якія там сядзяць у палоне. Яны абмяркоўваюць, што рабіць далей, як рэфармаваць ахову здароўя, як міліцыю, Міністэрства адукацыі. Гэта ўсё рэальныя прапановы і рэформы цягам 2-3 гадоў з поўнай зменай сістэмы. Да ўсяго ёсць гатовыя мадэлі, якія трэба адаптаваць да нашых рэалій.

У кожнай «хаце» там былі лекцыі, заняткі. Спявалі таксама, але ў Жодзіне так прыгожа спявалі дзяўчаты, што не хацелася перашкаджаць ім.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: