Павел Белавус: «За тыдзень прадалі столькі, колькі звычайна за чатыры месяцы»

Ад панядзелка крама Symbal.by закрытая. Яе стваральнік Павел Белавус заканчвае пераўлік і расказвае «Нашай Ніве», чаго чакаць далей.
Фота Волі Афіцэравай. 

Фота Волі Афіцэравай. 

Апошні тыдзень працы крамы Symbal.by быў асабліва гарачым. Сотні чалавек стаялі ў чэргах, каб падтрымаць беларускамоўны бізнес — нягледзячы на хапун і ціхароў з камерай.

Затрыманні асудзілі вядомыя артысты і тэлевядоўцы — некаторыя з іх ужо страцілі працу на дзяржТБ і канцэртах. 

«Нас проста здзьмула салідарнасцю!»

За мінулы тыдзень у краме распрадалі 95% тавараў.

«Калі б у звычайным фармаце працавалі, то гэту колькасць мы прадавалі б мінімум чатыры месяцы. Амаль нічога не засталося — толькі некалькі асобнікаў зімовых рэчаў (швэдры, шапкі, шалікі). Вышымайкі скончыліся яшчэ ў пятніцу», — распавядае Павел.

 

«У 2014-м была першая вышымайка, а зараз у нашай краме засталася адна апошняя. Мы вырашылі яе не прадаваць, а пазначыць прозвішчам Віктара Бабырыкі, каб падарыць, калі ён выйдзе з турмы», — напісаў у Facebook Павел Белавус.

Раскупілі нават рэчы без прынтоў — крама не змагла нанесці малюнкі, бо на партнёраў пачаўся ціск.

«Да прадпрымальніка, які апошнім часам нам друкаваў прынты, прыйшлі з праверкай пажарныя і выставілі патрабаванне спыніць дзейнасць да вырашэння праблемаў, якія ў дачыненні да яго выявілі. І такіх гісторый некалькі. Былі праверкі нават у вытворцаў, якія раней з намі не працавалі. Да кагосьці прыходзілі з вуснымі патрабаваннямі не друкаваць рэчы з палітычным кантэкстам», — кажа Белавус.

У Symbal.by за апошні месяц наведаліся і з падатковай, і з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі міліцыі, і з санстанцыі. Два тыдні таму краме адключылі электрычнасць, хоць ніякіх запазычанасцяў па аплаце не было. Давялося выкручвацца.

«Першыя дні мы падключылі пару акамулятараў, каб сілкаваць касу, тэрмінал і камп'ютар. Пасля нам адна прыватная фірма перадала пяць ліхтароў, якія мы паставілі ў розных пакоях. Ну і нам пашчасціла, што цяпер чэрвень, самыя доўгія дні, што дазволіла спакойна працаваць да васьмі.

А калі адбылася гісторыя з аўтазакам, да нас звярнуўся адзін з суседзяў: давайце я вам электрычнасць ад сябе дам, праз падаўжальнік зможаце падключыцца».

Павел быў вельмі ўражаны тым, колькі людзей прыйшло іх падтрымаць.

«Нас проста здзьмула салідарнасцю! Дзяржаўная прапаганда пісала, што чарга фіктыўная. Але ўсе людзі, якія стаялі пад крамай, нешта набывалі. Часцяком ім нават было няважна, што браць. Кожны дзень фактычна 600 чалавек рабіла пакупкі».

 

Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі ў чарзе ў краму. 

Наведвальнікі прыносілі падарункі — пернікі, торты. Кіраўнік стаматалагічнага цэнтра запрасіў супрацоўнікаў крамы бясплатна лячыць у яго зубы. Пісалі юрысты, былыя работнікі падатковай, санстанцыі: маўляў, гатовы дапамагчы вам падрыхтаваць дакументы, каб адбіцца ад праверак.

 

«Ёсць перажыванні, што гэта можа закрануць не толькі бізнес»

Калі пачаўся ціск на Symbal.by, некаторыя казалі: не варта было ўвязвацца ў палітычныя гульні і запускаць прынт «Псіхо3%». Белавус тлумачыць, што яны не маглі зрабіць інакш. У краме і раней прадавалі не толькі вышымайкі — тут і «Пагоня», і прынты на тэму дармаедскіх акцый.

«Ад самага пачатку мы адстойвалі прынцыповую пазіцыю, што, з аднаго боку, працуем абсалютна легальна, плацім усе падаткі. А з іншага, лічым, што маем права выказвацца на злабадзённыя тэмы. Мы за тое, каб Беларусь была свабоднай і незалежнай.

Калі пачалася перадвыбарчая гісторыя, было ясна, што трэба адрэагаваць. Бо падчас прэзідэнцкай кампаніі палітызацыя людзей адбываецца неверагодная, і яны хочуць сваю пазіцыю выказваць праз візуальныя формы. Ідэя з прынтом «Псіхо3%» у калектыве спантанна з’явілася. І мы вырашылі праверыць, ці будзе запатрабаваны такі дызайн. Адкрылі на сайце перадзамову — і адбыўся неверагодны выбух актыўнасці. За тыдзень мы атрымалі больш за тысячу замоў на гэту лінейку рэчаў. І зразумелі, што патрапілі ў кропку.

Але тое, што будзе такая нервовая рэакцыя мы, калі шчыра, не чакалі. Думалі, толькі скажуць: ай-яй-яй, не трэба. Але адразу ўбачылі жорсткую каманду «фас» у дачыненні да ўсёй нашай дзейнасці».

Павел пра тое рашэнне не шкадуе. У эканамічным плане крама нічога не згубіла. З астатнім можна справіцца.

«Мы крама з грамадскай пазіцыяй. Мы пайшлі на гэту рызыку, каб паказаць, што адбываецца ў краіне. І я не ўпэўнены, што, калі б мы сядзелі ціхенька, тое самае з намі не здарылася б. Прыйшлі б праз два тыдні, праз месяц. Мы маўчаць не можам і не будзем.

Канечне, ёсць перажыванні, што гэта можа закрануць не толькі бізнес, а пачнуць чапляцца да сям’і. Але спадзяюся, хапіла сумлення ў людзей, якія займаюцца гэтым, весці справы толькі ў дачыненні да камерцыйнай арганізацыі. Пакуль што нейкага ціску на сабе асабіста я не адчуваў», — дзеліцца прадпрымальнік.

 

Што далей?

Па словах Белавуса, яны пастараюцца захаваць калектыў. Хтосьці пойдзе ў адпачынак, хтосьці працягне працаваць, бо задач хапае.

«У нас моцны калектыў, я веру, што для ўсіх Symbal.by — частка жыцця, а не проста праца дзеля працы. Спадзяюся, калі нейкіх новых дзеянняў супраць нас не пачнецца, мы ў бліжэйшы час адновім інтэрнэт-краму і забяспечым мінімальны асартымент. Бо цяпер асноўнае пытанне з усіх куткоў свету: дзе набыць бел-чырвона-белы сцяг?»

nashaniva.by


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: