Павел Бука: «Гэта дыскрымінацыя носьбітаў беларускай мовы»

Менавіта так расцэньвае беларускамоўны праграміст узбуджэнне крымінальнай справы ў звязку з дзейнасцю грамадскага аб’яднання «Інстытут матэматыкі і кібернетыкі». Пра гэта ён распавёў на прэс-канферэнцыі.
Павел Бука на фота злева

Павел Бука на фота злева

Афіцыйна паведамлена, што дырэктар Павел Бука і сябра інстытута Зміцер Канаплянікаў з’яўляюцца падазраванымі па арт. 233 ч.2 КК (незаконнае прадпрымальніцтва). На лектараў і слухачоў, як адзначыў Павел, у траўні-чэрвені абрынуўся «вал выклікаў на допыты». У яго дома, як і ў Змітра Канаплянікава, быў праведзены ўжо другі ператрус.

У 2017 годзе Дэпартамент фінансавых раследаванняў (ДФР) распачаў праверку дзейнасці грамадскага інстытута. «Дапытаў усіх да апошняга нашых лектараў, дапытаў усіх слухачоў, — адзначыў Павел Бука. — Захапілі дакументы, вінчэстэры, сістэмныя блокі і праектар. Нічога з таго часу не вярнулі. Ніякіх парушэнняў заканадаўства не было знойдзена. Тры разы праверка спынялася і пра гэта нам афіцыйна паведамлена — «за адсутнасцю складу злачынства». Тым не менш на «гадавіну» адчынілі справу. Гэта абсалютна няправільная кваліфікацыя. Таму што інстытут не займаўся ніякай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ён займаўся дзейнасцю грамадскай, ён ладзіў бясплатныя лекцыі, семінары, кансультацыі».

Інстытут матэматыкі і кібернетыкі, які быў заснаваны ў 1997 годзе, даваў веды для праграмістаў — на беларускай мове. Знаёміў з апошнімі навуковымі дасягненнямі. «Адкрытыя лекцыі — хто хоча мог прыйсці, усё бясплатна.Чыталі сваё, па ўласных праграмах», — кажа дырэктар. Мэта арганізатараў — стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэту, дзе навука будзе карыстацца беларускай мовай. І асветная праграма інстытута разглядалася як першы крок да стварэння беларускамоўнай ВНУ.

«У Беларусі існуе кодэкс аб адукацыі, каторы вельмі моцна абмяжоўвае магчымасць стварэння ўніверсітэта, — лічыць Павел Бука. — Стварыць універсітэт у Беларусі аказалася немагчыма. Тады мы вырашылі рабіць бясплатныя лекцыі. І мы спыніліся на гэтым фармаце для таго, каб годна падрыхтавацца. Стварыць падручнікі, апрацаваць методыкі, тэрміналогію, па магчымасці кадры. Аказалася, што нават бясплатныя лекцыі ў Беларусі выклікаюць пераслед».

Фота Радыё Свабода. На занятках праграмістаў Інстытуту матэматыкі і кібернэтыкі

Фота Радыё Свабода. На занятках праграмістаў Інстытуту матэматыкі і кібернэтыкі

У 2014 годзе, распавёў Павел Бука, з’явілася магчымасць адкрыць беларускамоўную плынь ва ўкраінскім універсітэце. Дамовіліся, каб МЕГУ ім. Сц. Дзем’янчука (Роўна) адчыніў навучальную праграму «інфарматыка» для беларускіх навучэнцаў. Там, дзе яны маглі вучыцца па-беларуску. «Ніяк інакш з украінскім універсітэтам, акрамя дамовы аб узаемным партнёрстве, мы не былі звязаны», — падкрэсліў дырэктар інстытута.

Заснавальнікам не могуць паверыць, што лекцыі чытаюцца бясплатна. «Тое, што робіць беларуская супольнасць, на што яна аказалася здольнай, для нашай міліцыі — гэта за межамі разумення. І, як кажуць псіхолагі, калі чалавек нешта не разумее, не ведае — то ён пачынае запаўняць такія няведанні чымсьці знаёмым. Вось яны займаюцца крыміналам — і шукаюць крымінальнае. І шукаюць доказы, што былі грошы. Не знайшлі. Каб знайшлі доказы — то я б толькі з лаўкі мог бы з вамі размаўляць».

Ва ўмовах поўнай адсутнасці рэальных падстаў, як зазначыў праграміст, следствам фабрыкуецца крымінальная справа. Бясплатная дзейнасць падаецца як камерцыйная. Курс лекцый ператвараецца ў «філіял» замежнага ўніверсітэта.

— Гэтая праверка скончыцца нічым праз нейкі час — праз год ці два, — заявіў Павел Бука. — Тым не менш яна наносіць вялізную шкоду як самому нашаму інстытуту і яго рэпутацыі, так і ўвогуле рэпутацыі беларускіх навукоўцаў — як у Беларусі, так і ў свеце. Год праверкі — гэта год выкрэсленага жыцця паўсотні чалавек.

Акрамя таго, відавочна, гэта дыскрымінацыя носьбітаў беларускай мовы. Людзей, каторыя хочуць атрымліваць веды на сваёй мове. Для якіх знаходзяцца лектары, каторыя хочуць гэта рабіць нават бясплатна. Тым не менш беларусы не могуць атрымаць гэтых ведаў ні ў афіцыйных дзяржаўных установах, ні ў форме вышэйшай адукацыі, ні ў форме нават вольных лекцый. Што, безумоўна, з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі аб дзяржаўным статусе беларускай мовы.

У Беларусі спрабуюць арганізаваць навучанне і перадачу ведаў па-беларуску. І гэта не атрымліваецца не таму, што беларусы не хацелі вучыцца ці не хацелі вучыць (і тое, і другое ёсць). Не таму, што беларусы не здольныя арганізавацца — і гэта ёсць. Адзінае, чаму ў нас яшчэ няма беларускамоўнага факультэта — таму што гэта не даюць.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Руслан
  • 2018-06-16 22:47:49
лепшы довад таму, што на Беларусі пануе акупацыйны антыбеларускі рэжым...
  • ВР
  • 2018-06-17 14:16:51
Так, помню гэтае інтэрв'ю: http://belisrael.info/?p=14570

Каментаваць