Павел Церашковіч: Клімат Беларусі робіцца ўсё больш кантынентальным

24-я кліматычная канферэнцыя ў польскім горадзе Катавіцы мае вельмі важную ролю і для Беларусі. Таму што кліматычныя змены ў плане хуткага глабальнага пацяплення робяць клімат краіны ўсё больш кантынентальным.

Ні людзі ў Беларусі, ні прырода не гатовы да такіх змяненняў, кажа беларускі гісторык, этнолаг і культурны антраполаг Павел Церашковіч:

— У нас будзе больш цёплых дзён, больш спякотных дзён, і будзе менш ападкаў. Магчыма, у нас з’явяцца праблемы з недахопам пітной вады. У зоне рызыкі, як ні дзіўна, нашае Палессе.

Паводле Паўла Церашковіча, на ўсіх міжнародных картах Палессе пазначана ў зоне рызыкі дэфіцыту пітной вады. Таму Беларусі патрэбна захоўваць балоты, якія, дарэчы, лічацца яшчэ і лёгкімі Еўропы, гаворыць Церашковіч:

— Паверхневыя воды вельмі высока стаяць да ўзроўню паверхні, і калі няма ападкаў, то яны вельмі хутка высыхаюць. Нам трэба спыняць меліярацыю.

Галоўнай мэтай канферэнцыі ў Катавіцах з’яўляецца рэалізацыя Парыжскага пагаднення (2015), якую сярод 196 краін падпісала і Беларусь. Мэта Парыжскага пагаднення – зніжэнне выкідаў парніковых газаў. Гэта дазволіць захаваць сярэднюю тэмпературу Зямлі. Беларускае Радыё Рацыя

www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!